Лявон Баршчэўскі: Правільна робяць, што адмаўляюцца ад мітынгаў (абноўлена)



Апазіцыя адмовілася ад правядзення мітынгу 26 красавіка – у чарговую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Арганізацыйны камітэт пастанавіў засяродзіцца выключна на правядзенні традыцыйнага шэсця, якое плануецца ад кінатэатра “Кастрычнік” да Чарнобыльскай капліцы ў парку Дружбы народаў.

Адзначым, што на Дзень Волі 25 сакавіка мітынг быў дазволены, але ўдзельнікі акцыі яго так і не правялі. Такую змену стратэгіі правядзення апазіцыйных акцый каментуе намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч:

Фактычна на ніводнай акцыі не атрымлівалася закончыць яе нармальным мітынгам. Бо апошняе патрабаванне – гэта выстаўленне турнікетаў, пропуск людзей праз пункты, дзе іх правяраюць. Адпаведна гэта адбівае ахвоту ў вялікай колькасці ўдзельнікаў ісці на такія вызначаныя пляцоўкі. Таксама немагчыма пранесці гукаўзмацняльную апаратуру. Перадусім гэта перашкоды з боку міліцыі ці спецслужбаў у цывільным. Таму сэнс у такім мітынгу адпадае.

Арганізатары традыцыйнага “Чарнобыльскага шляху” плануюць у пятніцу, 10 красавіка, падаць у Менскі гарадскі выканаўчы камітэт заяўку на правядзенне мерапрыемства.

„Выступаць за загарадкай – прыніжэнне чалавечай годнасці”, – мяркуе грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі.

tarantino-by-16_zjezd_sbp-2357

Падчас Дня Волі арганізатары мерапрыемства адмовіліся ад правядзення мітынгу. Зараз тое ж самае заявілі і арганізатары „Чарнобыльскага шляху”.

Лявон Баршчэўскі: Думаю, апазіцыя правільна робіць, калі адмаўляецца ад правядзення мітынгаў. Мы такое практывалі, калі былі і больш спрыяльныя ўмовы для акцый, і, калі людзей не заганялі за бар’еры. Памятаю, аднойчы падчас „Чарнобыльскага шляху” таксама ішлі маршам, а пасля разыходзіліся, бо гэта абсалютна прыніжальна, калі цябе абшукваюць ці заганяюць выступаць за загарадкай. У такіх умовах сам мітынг губляе сэнс.

РР: Але, калі ўлады дазваляюць мітынг, то, можа быць, трэба выкарыстоўваць шанц?

Лявон Баршчэўскі: Па чарнобыльскаму пытанню і так усё зразумела, там нічога больш не скажаш. Лепш ужо даць нейкія публікацыі ў прэсе з выкарыстаннем новых фактаў, і гэта будзе куды эфектыўней, чым некалькі слоў у мікрафон. У сур’ёзнасці чарнобыльскай трагедыі і яе наступстваў лепш могуць пераканаць сухія лічбы, чым эмацыйныя заклікі.

РР: Можа тады наогул варта адмовіцца ад правядзення Дня волі ці „Чарнобыльскага шляху”, а перайсці на нейкі новы фармат, каб адзначыць гэтыя даты?

Лявон Баршчэўскі: Ёсць фарматы, у якіх людзі не будуць удзельнічаць, хоць, безумоўна, у нас існуюць дзесяткі мерапрыемстваў, якія праводзяцца да гэтых датаў. Але ад шэсцяў адмаўляцца, на мой погляд, не варта. Многія ўжо прызвычаіліся менавіта да такога фармату.

РР: Што асабіста для вас „Чарнобыльскі шлях”?

Лявон Баршчэўскі: У першую чаргу – дзень-традыцыя, калі наш народ падняўся з каленяў. Падчас першага “Чарнобыльскага шляху” людзі ўсвядомілі, што ўлада хавае праўду аб трагедыі. Мерапрыемства стала традыцыяй, якую нельга абмінаць. Чарнобыль – вялікая бяда, якая актуальная і сёння.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота budzma.org