„Гродзенская праўда” напісала пра Мікалая Аўтуховіча



1 чэрвеня “Гродзенская праўда” апублікавала вялікі матэрыял пад загалоўкам “Планировал подорвать самолёт и устроить поджог в Бресте”. У гэтым матэрыяле яе аўтарка нехта Анжэліка Дудко распавяла пра суд па справе Мікалая Аўтуховіча, якога абвінавачваюць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэксу. Фактычна, аўтарка ўжо абвінаваціла Мікалая Аўтуховіча па некаторых ягоных “крымінальных” справах. Найперш у тым, што ён у 2020 “разам з Паўлам Савой і Артурам Папком (знаходзіцца ў пошуках) падпалілі ў горадзе Ваўкавыску дом і аўтамабідь, які належаў супрацоўніку міліцыі, а таксама ўзарвалі аўтамабіль міліцыянера ў Гародні”.

“Гродзенская праўда” апублікавала паказанні былога святара з Брэста Сяргея Рэзановіча, які прызнаўся, што “у адзін з дзён у лістападзе Аўтуховіч распавёў яму, што ў складзе нейкай групы планіруе захапіць адміністрацыйны будынак, каб потым змяніць дзяржаўны сцяг на бчб-сцяг. Датаў не называў.Таксама казаў, што неабходна партызаніць… Таксама Аўтуховіч планаў, што трэба ўзарваць самалёт №1, а для гэтага неабходна выкарыстаць ракету і г.д.”.

Усё, што напісала журналістка ў “Гродзенскай праўдзе”, наводзіць на думку, што Мікалай Аўтуховіч – гэта вельмі страшны злачынец, якога тэрмінова трэба асудзіць. А вось якія дала паказанні нейкая Ірына Гарачкіна, якая ўбачыла, што ў Аўтуховіча “храниться оружие, в частности, предмет, похожий на гранату , и пистолет в кобуре…”. Але на самай справе ці была гэта граната, ці знаходзіўся ў кабуры пісталет, і ці быў ён насамрэч, сведка не падцвердзіла. Але ў артыкуле так напісана пераканаўча і, здаецца, што ўсё гэта было сапраўды так. Адразу бачна, што артыкул пісаўся на заказ. Але ці варта яго было публікаваць, калі суд яшчэ ідзе. Магчыма матэрыял пісаўся і надрукаваўся, каб запалохаць іншых, ці каб загадзя абвінаваціць Мікалая Аўтуховіча па тых 12 артыкулах Крымінальнага кодэксу, па якіх ён, нібыта, вінаваты.

Беларускае Радыё Рацыя