У Гародні назіраецца недахоп выхавацеляў
У дашкольных установах Гародні назіраецца востры недахоп выхавацеляў і абслугоўваючага персаналу. Галоўная прычына – нізкая аплата працы супрацоўнікаў дзіцячых садкоў, памер якой складае ад 1,5 да 2,5 мільёнаў рублёў.
Ёсць выпадкі, калі на працу прымаюць людзей без адпаведнай кваліфікацыі – прыкладам, студэнтаў-завочнікаў. Выхавацелі не жадаюць працаваць за мізэрныя заробкі і звальняюцца пры першай магчымасці:
– Звольнілася таму, што не хапала грошай – то бок фінансавая прычына была галоўнай. Я папыталася ў сваіх сябровак, колькі яны атрымліваюць, і ўпэўнілася, што за гэтыя грошы працаваць не пайду.
Колькасць дзіцячых садкоў у Гародні з кожным годам павялічваецца і набліжаецца да лічбы 90. Амаль ва ўсіх установах назіраецца недахоп абслугоўваючага персаналу.
Праблема абвастрылася пасля прыняцця рашэння пра перадачу на баланс гарвыканкама дзіцячых садкоў, якія былі замацаваныя за прадпрыемствамі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня