Валер Карбалевіч: У Лукашэнкі ёсць страх, што народ зноў выйдзе на вуліцы
Палітычны аналітык і кандадат гістарычных навук Валер Карбалевіч у эфіры нашага радыё тлумачыць, чаму Лукашэнка хоча стварыць народнае апалчэнне і дае зброю супрацоўнікам МНС, а таксама чаму ні Расея, ні Беларусь, ні Украіна не называе вайну вайной.
– Тое, чаму Расея не называе гэтую падзею вайной цалкам зразумела. Таму што нават для расейскай масавай свядомасці, для расейскага грамадства аб’явіць, што Расея пачала вайну з суседнім народам, якога доўгі час называлі братэрскім – гэта занадта. Таму і кажуць, што гэта не вайна ўвогуле, а невялікая спецаперацыя, мы адвядзем украінскія войскі ад граніц ЛНР, ДНР, каб яны не стралялі і на гэтым усё.
– Беларускія дзяржСМІ ўслед за імі пазбягаюць гэтага тэрміна?
– Так, хоць Лукашэнка ўжо казаў пра вайну некалькі разоў.
– Кіеў у сваю чаргу?
– У ўкраінскага кіраўніцтва ёсць свае меркаванні на гэты конт, бо сам тэрмін „вайна”, увядзенне ваеннага становішча, якое, дарэчы, уведзена, яно патрабуе зусім іншага палітычнага рэжыму, яно патрабуе іншых дзеянняў ва ўнутранай і вонкавай палітыцы. Я думаю, найперш таму, што Украіна баіцца пазбавіцца ваеннай дапамогі ад іншых краін, таму што дапамагаць краіне, якая вядзе вайну, заканадаўствам некаторых краін гэта забаронена. Таму і робяцца гэтыя дзіўныя рэчы з гэтай назвай.
– А па стане на трэці месяц ваенных дзеянняў, ёсць па-ранейшаму верагоднасць, што вайна можа набыць сусветны масштаб?
– Я думаю, што вайна можа набыць сусветны масштаб, калі Расея вырашыцца на прымяненне ядзернай зброі. Нават не адносна Украіны, а адносна іншай краіны – чальца НАТА, магчыма, пра што кажуць расейскія афіцыйныя асобы, пужаюць сусветную супольнасць гэтым, вось тады вайна можа набыць сусветны характар, але гэта вельмі страшны сцэнар і лепш пра яго не казаць.
– З вуснаў Лукашэнкі прагучаў такі абарот, як „народнае апалчэнне”. Наколькі гэта рэальна ствараць народныя дружыны, выдаваць ім зброю ў цяперашняй сітуацыі ў Беларусі ці гэта гульня на публіку?
– Народнае апалчэнне, у класічным разуменні слова, – калі народ атрымлівае зброю для вырашэння нейкіх задач у момант вайны, асабліва, калі на гэтую краіну напалі нейкія агрэсары. Што Лукашэнка мае на ўвазе, ён растлумачыў два дні таму, калі казаў, што ў кожным сельсавеце трэба 50 чалавек было, якіх можна ўзброіць, якія ў выпадку чаго маглі б абараняць свой дом. Што сказаць, я думаю, што калі б у жніўні-верасні 2020 года было б такое апалчэнне, калі не толькі ў сельсавеце, а щ кожным мікрараёне былі ўзброеныя людзі, то развіццё сітуацыі ў Беларусі пайшло б зусім па іншым шляху. Бо адна справа, калі АМАП ці ГУБАЗіК ваюе з жанчынамі, пенсіянеркамі, іншая справа, калі б ён уступіў у канфлікт з узброенымі людзьмі. У тым жа мікрараёне, у тым жа двары, якія спрабавалі граміць восенню 2020 года, думаю, што Наталля Эйсмант наўрад ці вырашыла б прыехаць у двор, калі б ведала, што ёсць народнае апалчэнне са зброяй. Лукашэнка проста не вельмі разумее, што гэта азначае насамрэч. Проста ў яго ёсць страх, у яго ёсць недавер, у яго ёсць апасенні, асцярогі, што народ зноў выйдзе на вуліцы і тых сілавых структур, якія ёсць, не хопіць для абароны, таму ён прыдумляе ўсё новыя і новыя спосабы, як абараніць сябе. То ён прыдумляе народнае апалчэнне, то хоча ўзброіць супрацоўнікаў МНС, то распавядае, што хоча паляўнічых і рыбаловаў ўзброіць і выкарыстаць іх зброю зноў жа дзеля сваёй абароны. У Лукашэнкі элементарнае адчуванне небяспекі, адчуванне таго, што ён абапіраецца не на грамадскую падтрымку, не на падтрымку большасці. І ён прыдумляе ўсё новыя і новыя механізмы і нават сам не можа растлумачыць чым народнае апалчэнне адрозніваецца ад тэрытарыяльнай абароны.
Цалкам размову можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле:
Беларускае Радыё Рацыя