Уладзімір Някляеў: Скандал з „Прадмовай” – бура ў шклянцы вады



Уладзімір Някляеў сустрэўся з беларускай дыяспарай у Тбілісі. У межах фестываля інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” творца прэзентаваў свой нашумелы раман “Гэй Бэн Гіном”. У кулуарах фестываля Уладзімір Някляеў пагадзіўся паразважаць, ці час цяпер для культурніцкіх мерапрыемстваў і дзе беларусу знайсці спакой: за мяжой ці на радзіме. Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў гутарцы з Юліяй Сівец. 

– Многія сёлета адмовіліся ад удзелу ў „Прадмове” з-за скандальных момантаў, чаму Вы ўсё-ткі пагадзіліся?

– Многія мне кажуць пра скандал з гэтай „Прадмовай”, выбачайце, але я праслухаў, прагледзеў гэты скандал, што гэта за скандал, хто там каму не спадабаўся: рускія ўкраінцам, украінцы рускім ці ўсе разам усім не спадабаліся. Гэта абсалютна бура ў шклянцы вады перад ідэяй „Прадмовы” пашыраць беларушчыну, беларускую мову, беларускае слова, беларускую культуру, літаратуру, любыя скандальныя штуковіны, можа некаму цікавыя, я ўжо даўно не звяртаю на гэта ўвагу, калі гэта не прынцыпова.

– Ці сапраўды пагоршыліся стасункі паміж украінскімі літаратарамі і беларускімі, ці гэта надумана?

– Ёсць розныя людзі, розныя эмоцыі, характары розныя і кожны рэагуе па-свойму. Калі пачалася Другая сусветная вайна, шмат для каго ў свеце усе немцы сталі немцамі, нават Гётэ і Гітлера клалі ў адзін кошык, але былі людзі, якія разумелі, што гэта не так. Сёння людзі, якія гэта разумеюць, а ёсць эмоцыі, па-рознаму складваюцца адносіны праз гэта. Адзін кажа, „як я магу з табой размаўляць пра сяброўства, калі з тваёй зямлі ляцяць ракеты, якія маіх дзяцей забіваюць”, а другі кажа „ой, Уладзімір Пракопавіч, я разумею, што вам зараз у нечым можа нават цяжэй, чым нам, бо ў нас ёсць фронт, ёсць вайна, ёсць у кожнага магчымасць узяць у рукі зброю і абараняць тое, што табе дарагое, а ў вас такой магчымасці на сённяшні дзень няма”. І тыя, асабліва хто ведае, што адбываецца зараз у Беларусі і нават спачуваюць, а не вышукваюць, чым цябе пакрыўдзіць.

– Спадар Андрэй Дынько пісаў, што цяпер не час праводзіць „Прадмову”, а як Вы лічыце?

– Тое, што адбываецца на „Прадмове” наўпрост звязаны з тым, што раблю я – з культурай, літаратурай. Пазбаўленыя на сваёй радзіме беларусы такой магчымасці сустракацца з кнігай, з яе аўтарам, размаўляць пра гэта, хочуць бачыць гэта тут! Вось, у Тбілісі, я падпісаў толькі што кнігу, які прыляцеў з Ерэвана, каб пабачыць не толькі мяне, а з тымі людзьмі, якія прыехалі на „Прадмову” з Менска, з Варшавы, яшчэ аднекуль. Так што ўсё ж гэта дзея сустрэч, дзея размоў, дзея ўзаемапаразумення, і нават у нечым такая спавядальная рэч. Проста няма каму сказаць тое, што яны („беларусы” – заўв. рэд.) ў сабе носяць вялізны боль, страту айчыны. Не толькі страту працы, дома, а страту айчыны яны ў сабе адчуваюць. Гэтая імпрэза паклікала іх сюды яшчэ па гэтай прычыне. Можа, у нейкіх палітычных аспектах Дынько і мае рацыю, але ў эмацыйных, у чалавечых адносінах усё-такі рацыя гэтых людзей, якія сюды прыехалі, больш значная за палітычную.

Цалкам размову можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле:

Уладзімір Някляеў перакананы, што фармат “Прадмовы” запатрабаваны. 

Беларускае Радыё Рацыя