Андрэй Саннікаў: Пуцін ніколі не хаваў сваіх памкненняў, Еўропе трэба было ўспрымаць яго сур’ёзна з самага пачатку



У эфіры Радыё Рацыя пабываў кандыдат у прэзідэнты Беларусі ў 2010 годзе, палітвязень у палове 90-х, намеснік міністра замежных спраў Беларусі.

Андрэй Саннікаў, фота з Facebook

РР: Уладзімір Пуцін адкрытым тэкстам загаварыў пра свае мэты і планы – то бок вярнуць у Расею «расейскае». А што расейскае, вырашае сама Расея, як за часам Пятра І. Працытую: «На нашую долю выпала таксама вяртаць і ўмацоўваць суверэнітэт краіны і яе спрадвечныя тэрыторыі. Атрымліваецца, вайна з Украінай – першы значны крок да адбудовы Імперыі. Замежная палітыка Расеі сёння – палітыка сілы. Ці ёсць у 21 стагоддзі ў Еўропе месца на палітыку з пазіцыі сілы? Ці можна сілай дасягнуць закладзеную мэту?

– Відавочна, сёння свет змяніўся. Гэта толькі людзі накшталт Пуціна ці Лукашэнкі не заўважаюць гэтага. І калі параўнаць тое, што ёсць у Расеі і тое, што ёсць у свеце, то відавочна параўнанне будзе не на карысць Расеі. Сучасныя тэхналогіі, сучасныя кампутарныя сістэмы – тое, чаго няма ў Расеі. Тое, што такія імперскія памкненні ёсць і былі – то гэта мы ведаем. Ён мог бы параўноўваць сябе не толькі з Пятром І, але і з іншымі. Пачынаючы ад Івана Жахлівага. Таму што гэта адметная рыса расейскай палітыкі: імперскае мысленне, імперскія памкненні. А тое, што Пуцін вярнуў Расею ў феадальны час – гэта таксама відавочна. Ён мысліць катэгорыямі захопу зямель, нейкай экспансіі. Аднаўлення фантомных імперыяў. Асабіста я не лічу, што будзе нейкі вынік з гэтых памкненняў, але небяспека вельмі вялікая. То бок, калі адказваць на пытанне – так, Пуціну ёсць, што супрацьставіць, і ён гэта будзе рабіць.

РР: Але Пуцін кажа, што калі Пётр І закладаў Пецярбург, ніводная з краін Еўропы не прызнавала гэтую тэрыторыю за Расеяй, усе прызнавалі яе за Швецыяй. І тут можна здагадацца, што ён мае на думцы: «Мне ўсё адно, што скажа Еўропа і Свет. Украіна так ці інакш частка Расеі. І Прыбалтыка, і Фінляндыя, і добры кавалак Польшчы. Я іду, а вы рабіце, што хочаце».

– Вось я пра гэта і кажу: ён спасылаецца на прыклады 18-19 стагоддзяў. Гэта палітыка зараз не працуе. Ён імкнецца неяк мадэрнізаваць тыя захопніцкія настроі, якія панавалі. Але відавочна, што гэта сапраўды не сучасная палітыка. А сучасна ён не можа канкураваць са светам, гэта яго злуе яшчэ больш. Але гэта не першы прыклад такіх словаў. Я б пачынаў з 2007 году, з яго знакамітага Мюнхенскага выступу. Ён ніколі не хаваў сваіх памкненняў, і тое, што ён кажа цяпер – не ўпершыню. Проста цяпер ён вядзе вайну. Таму гэта ўспрымаецца больш сур’ёзна. А трэба было ўспрымаць яго сур’ёзна, пачынаючы з 2007 году, потым з захопу зямель Грузіі, і гэтак далей.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя