Зборная Іспаніі „у сухую” перамагла каманду Чэхіі
Зборная Іспаніі „у сухую” абыграла каманду Чэхіі ў матчы групавога этапу Лігі нацый — 2:0 дзякуючы галам Салера і Сарабіі. Іспанцы абышлі партугальцаў, якія прайгралі швейцарцам 0:1, і лідыруюць у табліцы групы 2 лігі „А”. Зборная Нарвегіі дома абыграла каманду Швецыі – 3:2. Дублем у пераможцаў вызначыўся форвард Эрлінг Холанд. Зборныя Славеніі і Сербіі згулялі ўнічыю – 2:2.
Зборная Беларусі па пляжным футболе двойчы прайграла расейцам
Зборная Беларусі па пляжным футболе саступіла расейцам і ў другім таварыскім матчы ў Менску – 3:5. Такі ж вынік на іх карысць быў зафіксаваны і ў першым спарынгу ў беларускай сталіцы. Лепшымі гульцамі ў другім паядынку прызнаны Павел Дубук і Барыс Ніканораў.
Сабаленка прайграла ў фінале турніру ў Нідэрландах
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прайграла ў фінале турніру катэгорыі WTA-250 у нідэрландскім Хертагенбосе з прызавым фондам 251 тысяча даляраў. У вырашальным паядынку шостая ракетка планеты саступіла ў двух сэтах расійскай тэнісістцы Кацярыне Аляксандравай, якая займае 30-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 5:7, 0:6. У першай партыі беларуска вяла 5:4, але потым прайграла тры геймы запар, а ў другім сэце не змагла ўзяць ніводнага ачка. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 15 хвілін. Для Арыны Сабаленкі гэта быў 17-ы фінал на турнірах пад эгідай WTA, у 10 з іх яна выйгравала.
„Будаўнік” зраўняў лік у залатой серыі чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве
Брэсцкі „Будаўнік” выраўнаваў становішча ў серыі за залатыя медалі чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве. У другім гасцявым матчы з дзейным чэмпіёнам краіны „Мінскам” брэстаўчане выйгралі 2:1. У складзе пераможцаў галявы дубль аформіў Дзяніс Цалуйка, мяч у адказ закінуў Мікіта Старадуб. У першым паядынку фіналу мінчане перамаглі з лікам 5:3. Два наступныя паядынкі адбудуцца 16 і 17 чэрвеня ў Берасці.
Ферстапен выйграў Гран-пры Азербайджана
У Баку завяршылася гонка Гран-пры Азербайджана. Пераможцам этапа стаў пілот аўстрыйскай каманды „Рэд Бул” Макс Ферстапен. Другім фінішаваў яго таварыш па камандзе Серхіа Перэс. Топ-3 замкнуў Джордж Расэл з „Мэрсэдэса”. Пілот „Ферары” Шарль Леклер сышоў з дыстанцыі з-за паломкі рухавіка, якая адбылася на прамой у канцы 21 круга. На той момант Леклер з’яўляўся лідарам заезду. Сяміразовы чэмпіён Формулы-1, пілот „Мэрсэдэса” Льюіс Хэмілтан паказаў чацвёрты вынік.
Беларускае Радыё Рацыя