Творчая сустрэча ў Зэльве
Пры Зэльвенскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва існуе літаратурны клуб “Малюся слову”. Сябры гэтага клуба запрасілі да сябе пісьменніка і краязнаўца са Слоніма Сяргея Чыгрына.
Падчас сустрэчы госць распавёў прысутным пра сваю творчасць, пра тыя выданні, якія пабачылі свет у апошні час. Вялася гутарка і пра кнігі, прысвечаныя Зэльвеншчыне. Прыгадаў Сяргей Чыгрын і пра тое, як у 1995 годзе ён разам з Міхасём Скоблам выдавалі факсімільнае выданне першай кнігі Ларысы Геніюш “Ад родных ніў”. Факсімільнае выданне першага паэтычнага зборніка выйшла тады накладам 3000 асобнікаў.
Прэзентаваў зэльвенцам літаратар сваю новую кнігу легендаў і паданняў “Камень-бацька і камень-сын”, куды ўвайшлі легенды Слонімшчыны, Зэльвеншчыны і Дзятлаўшчыны, а таксама прачытаў некалькі сваіх новых вершаў.
Зэльвенцы шчыра сустракалі госця, задавалі яму пытанні, прасілі, каб падчас жнівеньскага свята “Ганненскі кірмаш у Зэльве” працавала кнігарня, дзе можна было б купіць кнігі сваіх землякоў.
Беларускае Радыё Рацыя