Беларусь паскардзілася Сусветнай гандлёвай арганізацыі на санкцыі
Дэлегацыя Беларусі на чале з дырэктарам Дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС Юрыем Гарэлікам прымае ўдзел у 12-й Міністэрскай канферэнцыі СГА.
Гарэлік выступіў на пленарным пасяджэнні, дзе расказаў, як бачыць Беларусь перспектывы развіцця шматбаковай гандлёвай сістэмы і СГА, расказаў пра прагрэс Беларусі на шляху ўступлення ў СГА. Кіраўнік беларускай дэлегацыі адзначыў, што некаторыя дзяржавы імкнуцца палітызаваць працэс далучэння да СГА, і заявіў, што Мінск гатовы працягваць канструктыўнае ўзаемадзеяння з усімі партнёрамі для завяршэння працэсу далучэння да арганізацыі.
Гарэлік таксама падняў пытанне санкцый, «якія неабгрунтавана абмяжоўваюць міжнародны гандаль». Беларускі дыпламат адзначыў «беспрэцэдэнтны маштаб» прымянення санкцый заходнімі дзяржавамі і падкрэсліў іх несумяшчальнасць з постпандэмічным аднаўленнем і ўстойлівым развіццём.
«Асабліва была адзначана незаконнасць абмежавальных мер на гандаль і транзіт беларускіх калійных угнаенняў, увядзенне якіх пагаршае сусветны харчовы крызіс», — паведамляе пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.
Таксама дэлегацыя Беларусі сустрэлася з намеснікам гендырэктара СГА Чжанам Сянчэнем 13 чэрвеня. Бакі абмяняліся меркаваннямі пра працэс уступлення Беларусі ў СГА і перспектывы пашырэння ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і СГА.
Паводле reform.by.