Лепш гэтага і не бачыць



35 гадоў таму я вярнуўся з савецкага войска. 14 чэрвеня 1987 году быў незабыўны фінал Кубку СССР. У ім гулялі менскае „Дынама” і кіеўскае „Дынама” (фактычна нацыянальныя зборныя Беларусі і Украіны). Гэта была сустрэча выдатных майстроў. Перамаглі пасля 3:3 у асноўны і дадатковы час па пенальці ўкраінцы. Праз 35 гадоў Украіна мае зноў вельмі класную каманду, паспяхова выступала на апошнім Еўра, ледзь не прабілася на мундыяль, а вось пад назвай „зборная Беларусі” сабраныя зараз нейкія недарэкі.

Можна сказаць, што кожнае састарэлае пакаленне наракае на маладое. Але сачу за беларускім футболам непасрэдна з самага дзяцінства агулам ужо 45 гадоў, і не сярод старэйшага пакалення, ні сярод маіх равеснікаў, ні сярод наступнай плеяды не назіралася такой нягегласці беларускіх футбалістаў як зараз. Можна толькі паспачуваць цяперашняму рулявому дружыны Георгію Кандрацьеву, якраз у свой час выдатнаму майстру і ўдзельніку таго гістарычнага матчу, пра які я згадаў вышэй. І як трэнер былы форвард, якога скарочана называлі Кандрат, нечага дасягаў – у 2011 годзе ў Ольбаргу (Данія) моладзевая футбольная зборная Беларусі на чэмпіянаце Еўропы выйграла матч за 3-е месца ў дружыны Чэхіі – 1:0, упершыню ў гісторыі заваявала бронзавыя медалі і пуцёўку ажно на алімпіяду.

А ў цяперашняй Лізе нацый дывізіёна «С» дружына Беларусі ў чатырох сустрэчах з роўнымі сабе Славакіяй, Казахстанам і двойчы з Азербайджанам набрала толькі 2 ачкі, вымучыла толькі адзін забіты мяч і заўчасна страціла шанцы на выхад вышэй. Добра памятаю паядынкі ў чэмпіянаце Савецкага саюзу таго ж менскага «Дынама» з алма-атынскім «Кайратам», з бакінскім «Нефтчы» – гэта былі крэпкія калектывы, але іх беларусы пераважна перамагалі. Да і яшчэ зусім нядаўна зборная Беларусі брала верх над Казахстанам. Ну а зараз такая дэградацыя. Так што ў наступнай Лізе нацый можам апынуцца ў найслбейшым дывізіёне – разам з Ліхтэнштайнам, Андорай і Сан-Марынам. І справа хіба не столькі ў нягеглым пакаленні маладых футбалістаў. А найперш у тым, што беларускім футболам кіруюць людзі далёкія ад спорту – розныя палкоўнікі, ідэолагі, кагэбэшнікі. Даразвіваліся…

Яшчэ добра, што над беларускімі заўзятарамі «злітаваўся» УЕФА і выключыў Белтэлерадыёкампанію са спісу транслятараў Лігі Нацый, у Беларусі перасталі паказваць матчы футбольнай зборнай. Лепш іх і не бачыць…

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ