“Relikt” прэзентаваў відэа да кампазіцыі “Не задавай сэрцу тугі”



Менскі гурт “Relikt” прэзентаваў відэа да песні “Не задавай сэрцу тугі”. На кадрах можна ўбачыць і  адметную асобу беларуска-польскага андэграўнду – Юрку Асенніка.

“Ён не толькі стварыў вокладку нашага альбома, але і ў свой час адмыслова наведаў Менск, каб запісаць вакальную партыю для трэка”, – распавёў барабаншчык гурта “Relikt” Алесь Дземідзенка.

– Мы вырашылі здымаць кліп менавіта на песню “Не задавай сэрцу тугі”. Таму што ў беларусаў з 2020 года, напэўна, як пачаўся каронавірус, вельмі нядобрая паласа ў жыцці. І кадры нагадваюць, што ўсё можа быць добра. Пра гэта варта не забывацца. І памятаць, дзеля чаго мы жылі і да чаго мы хочам прыйсці. Самае смешнае, што тэкст крышачку пра іншае. Тэкст усё роўна пра каханне, але гэта будзе таксама трапна.

“У кліпе мы гуляем па горадзе, займаемся творчасцю з сябрамі ў студыі і прыгадваем усё тое найлепшае, з чаго складалася жыццё беларусаў: сустрэчы, размовы, прагулкі… Усё тое, што кожны мог рабіць раней не задумваючыся, але чаго цяпер шмат хто пазбаўлены. І ўсё ж не трэба губляць надзеі, бо разам можна перадолець любыя абставіны, і пра гэта ўласна і вядзецца ў песні”, – звяртае ўвагу Алесь Дземідзенка.

Дарэчы, 4-га жніўня музыкі плануюць зладзіць вялікі сольны электрычны канцэрт у Кракаве, куды і запрашаюць усіх прыхільнікаў добрай музыкі.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя