Ці лёгка быць еўрапейцамі?
Трэцяя сусветная вайна, якая разгарнулася, працягваецца і імаверна будзе яшчэ больш разгарацца на нашых вачах, надзвычай востра акрэсліла пытанні – а што ж такое быць еўрапейцамі, а што ж такое стаць еўрапейцамі, а што ж такое ўрэшце – застацца еўрапейцамі? Мы так часта любілі паўтараць апошнія дзесяцігоддзі гэтае словазлучэнне «еўрапейскія каштоўнасці», што ўжо, праўдападобна, самы перасталі асэнсоўваць тое, што напаўняе гэтае азначэнне. А між тым ужо выразна акрэсліліся два кірункі еўрапейскай дэмакратыі і адпаведных набораў каштоўнасцяў, часцяком супрацьлеглых. Адзін – гэта стараеўрапейскі традыцыяналізм, іншы кірунак – новаліберальны мадэрнізм. Раней гэты падзел у паліталогіі называўся падзелам на правых і левых, але відавочна, што гэтыя тэрміны не адлюстроўваюць глыбіні і сутнасці сучаснага ідэалагічнага расколу. Зараз, прыкладам, часта спекулятыўна «жангліруюць» ярлыком «ультраправыя», між тым як «ультралевых» нібыта як і няма. Пра сэнсавае напаўненне тэрмінаў – гэта асобная, і відаць, доўгая размова. Бо часта зараз даводзіцца ў палітыцы, журналістыцы, паліталогіі, грамадазнаўстве сутыкацца з маніпуляцыйнай падменай сутнасці рэчаў.
Вайна як вялікая лакмусавая папера яшчэ больш абвастрыла ўсе гэтыя паняткі і праблемы. З аднаго боку мы бачым вялікую салідарнасць розных еўрапейскіх народаў з Украінай, шматлікія акцыі па зборы сродкаў, асабістыя ахвярныя ўнёскі, цэлыя дабрачынныя грамадскія рухі ў дапамогу бежанцам і розным катэгорыям пацярпелых ад расейскага захопніцкага імперыялізму. З іншага боку назіраецца, непаваротлівасць, непаслядоўнасць, а часта і выразная двурушнасць так званых еўрапейскіх, найперш заходнееўрапейскіх элітаў. Яны з аднаго боку, змушаны дзеіць пад ціскам грамадскай думкі (якая яшчэ нешта значыць!) і дапамагаць Украіне, а з іншага – гуляюць у сваю звыклую рэал-палітык. Гісторыя яшчэ выставіць ім рахункі за тое, як яны патуралі пуцінскаму рэжыму, стараліся не заўважаць яго небяспекі для ўсяго кантыненту, а некаторыя палітыкі з першых шэрагаў увогуле наўпрост абслугоўвалі гэтую крамлёўска-газпрамаўскую мафію. А зараз гэтыя праваднікі і іх паслядоўнікі так стараюцца захаваць твар Пуціну, каб толькі не пакрыўдзіць «бедную» Расею. Некаторыя, прыкладам кіраўнік Францыі, наўпрост заяўляюць, што Украіне яшчэ доўга ісці ў Еўропу. Але чаму гэта ім так доўга ісці туды? Можа таму, што ўкраінцы якраз і ёсць носьбітамі лепшых і традыцыйных еўрапейскіх каштоўнасцяў, а іх новы гучны голас непажаданы для фальшывых заходнееўрапейскіх «элітаў»!? А між тым Украіна сёння, сцякаючы крывёй, ваюе за ўсю Еўропу. І не выпешчаным напамажаным палітычным нарцысам вырашаць яе еўрапейскі лёс.
Усе мы вылілі нямала слёз пра тое, як цяжка быць у гэтым свеце беларусам. І, напэўна, тое ў якім стане апынулася наша нацыя і наша дзяржава зараз – гэта сапраўды вельмі трагічна. Але праз два-тры пакаленні ўсё можа стаць іначай. А з іншага боку ўявіце, ці лёгка быць у сённяшняй Еўропе, скажам, французам ці аўстрыякам? Калі глядзіш, прыкладам, на нядаўнія французскія прэзідэнцкія ці бягучыя парламенцкія выбары і ўяўляеш сябе тамтэйшым выбарцам, то таксама бярэ жаль і плакаць хочацца. Скажаце – нам бы іх праблемы! І гэта, напэўна будзе праўдай. Праўдай на сёння. Але што будзе заўтра, паслязаўтра з нашай Еўропай, дзе так старанна адрынаюцца ранейшыя вартасці і разбураюцца нацыянальныя тоеснасці? Мудрыя палітыкі тым і адрозніваюцца ад сучасных «аднадзённых», што глядяць у перспектыву, стараюцца запазбегнуць, унікнуць войнаў і іншых разбуральных катаклізмаў. На пачатку дваццаць першага стагоддзя моцныя дзяржавы кантыненту, Еўрапейскі звяз агулам, мелі высокія шанцы асадзіць, аслабіць, спыніць узросшы і небяспечны рашызм. У іх руках былі ўсе патрэбныя інструменты і рычагі – палітычныя, дыпламатычныя, эканамічныя. Але яны наадварот узмацнілі пуцінскі рэжым, што непазбежна прывяло да цяперашняй вайны, канца і краю якой не відаць.
Уладзімір Хільмановіч