Марыі Успенскай прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары



У Менскім гарадскім судзе 16 чэрвеня агучылі пастанову па крымінальнай справе супраць палітзняволенай удавы загінулага ў перастрэлцы з супрацоўнікам КДБ айцішніка Андрэя Зельцэра Марыі Успенскай.

Яе абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка па арт. 16 і п.п. 5 і 10, ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (здзейсненае агульнанебяспечным спосабам асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці). Яе судзілі як „асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне”, таму на судзе яе інтарэсы прадстаўляла яе маці. Суддзя Валянціна Зянькевіч прызначыла ёй прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Пад вартай Марыя ўтрымліваецца амаль дзевяць месяцаў. 

Судовы працэс доўжыўся паўтары месяцы — з 31 траўня. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме.Марыю судзілі як „асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане бессвядомасці або якая захварэла пасля здзяйснення злачынства псіхічным засмучэннем (захворваннем)” (п. 13 арт. 6 КПК). Яе інтарэсы на судзе прадстаўляла яе маці, сама Марыя не прысутнічала на працэсах.

Успенская вызвалена ад крымінальнай адказнасці, бо знаходзілася ў „стане непрытомнасці”. Суд прызначыў ёй прымусовыя меры бяспекі і лячэнне ў выглядзе прымусовага лячэння ў псіхіятрычным стацыянары са звычайным наглядам. Акрамя таго, суд спагнаў матэрыяльную кампенсацыю „маральнай шкоды ў памеры 100 тысяч рублёў на карысць пацярпелай, якія будуць залічаны на карысць дзіцячага дома № 5 г. Мінска” — жонкі забітага Дзмітрыя „Нірваны” Федасюка.

Прымусовыя меры бяспекі і лячэння — гэта від крымінальна-прававога ўздзеяння, які не з’яўляецца крымінальным пакараннем і ўяўляе сабой сістэму псіхатэрапеўтычных, медыка-прафілактычных і медыка-рэабілітацыйных, а таксама медыцынскіх мер па доглядзе і наглядзе за асобамі, якія пакутуюць на псіхічнае расстройства (захворванне), што пазбаўляе іх магчымасці ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў ці кіраваць імі, калі гэтыя асобы па характары ўчыненага імі дзеяння і сваім псіхічным стане ўяўляюць небяспеку для грамадства.

Марыя Успенская — удава Андрэя Зельцэра, забітага ва ўласнай кватэры пры перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ 28 верасня. У жанчыны ёсць непоўнагадовы сын ад першага шлюбу. Спачатку жанчыну трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, затым перавялі ў СІЗА. На пачатку снежня 2021 стала вядома, што Марыя тры тыдні правяла ў Навінках — яе туды адпраўлялі, каб правесці псіхіятрычную экспертызу. 15 чэрвеня Марыі споўнілася 41 год.

spring96.org