Дзе камфортней жыць: у сталіцы ці ў абласных гарадах?



Многія маладыя беларусы пераязджаюць у Менск з рэгіёнаў дзеля кар’еры і высокіх заробкаў. Але насуперак тэндэнцыі знаходзяцца людзі, якія мяняюць сталіцу на больш спакойнае жыццё ў рэгіёнах.

У пашпарце цяперашняга гомельца Яўгена Скочкі месцам нараджэння пазначаны Менск, але вось ужо дзевяць гадоў ён пражывае ў горадзе над Сожам.

– Калі прыязджаю ў Менск, я не адчуваю розніцы: у Менску я знаходжуся, ці ў Гомлі. Абодва гэтыя гарады для мяне родныя. Але Менск напружлівы горад. Там усе некуды бягуць спяшаюцца. Вельмі шмат стрэсу. Гомель нашмат спакайней, хаця горад таксам вялікі. Мяне цягне бліжэй да прыроды. У Гомлі, напрыклад, прыроды больш – тут і рака вялікая. З Менску на рыбалку ехаць трэба кіламетраў за сто ад’ехаць.

Мар’ян Голуб з’ехаў з Менска з-за жыллёвых праблемаў. Але каля пяці гадоў жыве ў Гомелі, дзе паспеў нават арганізаваць сямейны бізнес.

– Цяпер мы ясна бачым, што маё жыццё і жыццё маёй сям’і абсалютна не залежыць ад таго, у якім горадзе мы жывем, які дабрабыт гэтага гораду. Гэта ўсё апасродкавыя рэчы, якія сыходзяць і прыходзяць. Можна шчасліва жыць і ў вёсцы – экалагічна чыстым раёне і нешчасліва ў мегаполісе.

За 2013 год насельніцтва практычна двухмільённага Менску павялічылася на 20 тысячаў чалавек. Каля 15 тысячаў з новых менчукоў склалі мігранты з іншых рэгіёнаў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя