Кніжны клуб правільнага курсу



Пакуль ва Украіне ідзе гарачая вайна і ліецца кроў, у Беларусі працягваецца вайна з беларускімі кнігамі і іх аўтарамі. Днямі на белы свет выплыў чарговы чорны index librorum prohibitorum». Праўда, спіс не зусім забароненых кніг, а толькі тых, хто іх піша. Творы гэтых 33 аўтараў (лічба досыць знакавая) павінны быць выкінутыя з школьных бібліятэк. Што цікава, ніхто гэтую інфармацыю афіцыйна так і не пацвердзіў, але ніхто яе і не зняпраўдзіў. Ды на практыцы на прасторах сінявокай рэспублікі даўно ўжо дыскрымінуецца ўсё, што звязана з беларускамоўнай культурай. І нічога новага ў чарговай праяве антыбеларускасці няма.

Пасля татальнай зачысткі выдавецтваў улады ўзяліся за беларускія кнігарні. Ідэал дзяржаўных ідэалоагаў палягае на тым, каб грамадзяне былі тупымі і паслухмянымі. І не чыталі ўвогуле нічога, хопіць ім і тэлевізара! Краіна дажылася да таго, што кнігарні ёсць нават не ва ўсіх гарадах. І гэта не вынік таго, што насельніцтва перайшло на электронныя бібліятэкі.

У сталіцы асаблівая пільнасць ідэалагічных цэрбераў. У новай менскай кнігарні з пяшчотна арыгінальнай назвай «Кнігаўка» прапагандысты зладзілі правакацыю, а потым іншыя органы пасадзілі пад арышт на доўгія суткі выдаўца Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу кнігарні Насту Карнацкую.

У адказ на беларускамоўныя ініцыятывы праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі адкрыў у Менску сваю «правільную» установу пад савецка казённай назвай «Кніжны клуб пісьменнікаў». На фота з адкрыцця ў памяшканні можна ўбачыць партрэты трох ці чатырох непазнавальных здалёк літаратараў, а над імі большы партрэт самы ведаеце каго. Менавіта таго, хто пару гадоў таму даў даручэнне правільнаму СПБ стварыць новую «Вайну і мір». Вайну паспяхова развязалі, а вось з мірам куды складаней. З новымі шэдэўрамі ў правільных шчаўкапёраў неяк тугавата. Ды і правадыр не напісаў сваёй «Рухнамы» ці «Малой землі». Хоць бы якога «Клачка землі» ці «Астраўка стабільнасці». На адкрыцці новай установы прысутнічалі не столькі літаратары, колькі прапагандысты. Але гэта і зразумела – менавіта ж яны зараз на перадавой б’юць з усіх гарматаў па недапушчальных уплывах Захаду і беларушчыне. Ну а галоўнае для прыкарытных графаманаў – трымаць правільны курс.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ