Frontex расказаў, колькі ўкраінцаў з’ехала ў Еўразвяз і колькі вярнулася дадому



Больш пяць мільёнаў семсот тысяч грамадзянаў Украіны з’ехалі ў краіны Еўразвязу з пачатку вайны, паведамляе Агенцтва ЕЗ па бяспецы вонкавых межаў Frontex.

Пры гэтым за той жа перыяд каля двух мільёнаў восемсот тысяч украінцаў прыехалі з краін Еўразвязу ва Украіну.

За апошні тыдзень з Украіны выехала прыкладна столькі ж асоб, колькі вярнулася туды — больш за 230 тысяч чалавек.

“Колькасць украінцаў, якія заязджаюць у ЕЗ з Расеі і Беларусі, застаецца сталай. З 8 па 14 чэрвеня каля 1470 грамадзян Украіны прыбылі ў Еўразвяз праз Беларусь і 7400 — праз Расею”, — паведамляе агенцтва. Маршруты ўкраінскіх уцекачоў адсочваюць 278 супрацоўнікаў Frontex, якія працуюць у краінах, што мяжуюць з Украінай.

Беларускае Радыё Рацыя