Апошнія сляды Югаславіі



Найбольш відавочным следам Югаславіі ў сённяшнім Бялградзе з’яўляецца, безумоўна, Новы Бялград. Неад’емная, але і аўтаномная ў сваім выглядзе частка горада, заўважная, агрэсіўная ў сваёй архітэктуры. Новы план на новае жыццё. Фантазія ўрбаністаў у пачатку новай пасляваеннай Югаславіі. Але па другі бок ракі Савы, дзесьці пасярод прываблівых вілаў, знаходзіцца адзіны такі музей на тэрыторыі былой Югаславіі.

lahatyp

Музей гісторыі Югаславіі – гэта незвычайнае месца, па-першае, таму, што не знойдзеце такога другога ў іншых краінах, якія ўзніклі пасля распаду Югаславіі. І хаця ў Сербіі ці Бялградзе, у адрозненне ад Славеніі, Босніі ці Харватыі, вуліцы ці пляцы імя Ціты прыхаваныя або мала вызначаныя, толькі ў Бялградзе можна паглядзець на Югаславію праз перспектыву яе найбольш вядомага прэзідэнта.

foto_1

Маршал Ёсіп Броз Ціта – постаць, якой папулярнасці сярод народу ды іншых дзяржаўных галоў не адняць. Нягледзячы на чорныя карты гісторыі, якія сваёй рукой запісваў маршал. Цягам гадоў у агульнай свядомасці ўспамінаюцца толькі светлыя старонкі. Мужчына, які цаніў камфорт і стыль, сустракаліся з ім найважнейшыя персоны тагачаснага свету. Прэзідэнт Кэнэдзі, Кірк Даглас, Чэ Гевара ці Элізабэт Тэйлар – магніты са здымкамі з сустрэч Ціты можаце, напрыклад, набыць як падарунак.

Музей складаюць тры асноўныя будынкі. Стары музей – а ў ім знойдзем падарункі, атрыманыя маршалам з розных куткоў Югаславіі і свету, адмысловыя падарункі ад каралёў і прэзідэнтаў – зараз, на жаль, у перабудове, таму пра ўзгаданыя экспанаты можам толькі пачуць ад працаўнікоў музея, а паглядзець іх давядзецца пры наступнай нагодзе.

foto_2

Але не так ужо дрэнна. Вельмі характэрныя экспанаты, з якіх частку можна паглядзець у Доме кветак – музеі-маўзалеі Ёсіпа Броз і яго жонкі Ёванкі Броз. Гэта эстафетныя палачкі з рознага кшталту фактуры, матэрыялаў. Чаму яны настолькі асаблівыя? Палачкі атрымліваў маршал на фінале штогадовай эстафеты з нагоды Дня моладзі, маршрут якой праходзіў вакол усёй Югаславіі.

foto_3

У Доме кветак дзве магілы, а як жа, пасярод кветак, сімвалічных не толькі таму, што дом гэты быў рэзідэнцыяй для адпачынку, з зімовым агародам, таксама таму, што кветкамі маршал звычайна называў дзяцей, прыгожых і светлых, як будучыня Югаславіі, заняпад якой пачаўся разам са смерцю маршала ў 1980 годзе. Сёння пра гэта можам смела казаць, але, напэўна, тады мала хто з прадстаўнікоў дэлегацыі 127 краінаў, якія прыехалі развітацца са шматгадовым прэзідэнтам Югаславіі, уяўляў наступствы гэтага моманту.

foto_4

Сёння ў музеі пад назвай «25 траўня» (ад знаёмага ўжо Дня моладзі, які адзначаўся ў гэты дзень) можна паглядзець выставы, аўтары якіх прапануюць больш крытычны погляд на гісторыю Югаславіі. Гэта частка комплексу, якая складае не толькі музей рэліктаў, але месца, дзе можна даведацца пра многае, перададзенае сучаснай мовай мастацтва. Мы наведалі якраз «Агністае прывітанне», выставу пра воблік дзяцінства ў Югаславіі. Дзяцінства, якое было пабудавана перш за ўсё на безрэфлексійнай пашане для маршалка. Выстава прымушае думаць, асабліва калі за акном чуеш глыбокі, нібыта з нябёс, гук званоў з найбольшай у гэтай частцы свету царквы Святога Савы, пра якую распавядзём пры іншай нагодзе.

 

https://www.youtube.com/watch?v=m_xi37XFUI4&feature=youtu.be

Радэк Дамброўскі і Іло Карпюк, Бялград