На камерцыйнага дырэктара „Silver Screen” завялі крымінальную справу



Супраць камерцыйнага дырэктара сеткі кінатэатраў „Silver Screen” Аляксандра Дземідовіча завялі крымінальную справу, паведамляюць праваабаронцы. 19 чэрвеня на праўладным канале з’явілася «пакаяльнае» відэа, дзе Аляксандр гаворыць аб удзеле ў акцыях пратэсту 2020-га. Судзячы па ўсім, яно было запісанае ў дзень затрымання: Дземідовіч кажа, што «сёння быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі».

Аляксандр Дземідовіч, фота з Facebook

Аўтары сцвярджаюць, яму інкрымінуюць арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Аляксандра Дземідовіча затрымалі на працоўным месцы 25 траўня і прысудзілі за «непадпарадкаванне» 15 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля заканчэння якіх на волю ён не выйшаў.

Раней ён працаваў на розных пасадах у TUT.by, да разгрому партала ўзначальваў адно з падраздзяленняў камерцыйнай службы.