Насыпаць перцу на хвост



Двойчы яскрава засвяціўся ва ўладных медыях РБ апошнім часам міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў. Спярша ён зладзіў прачуханца для рэдактараў раённых газет і адчытаў іх за брак крытычных артыкулаў. Амаль як герой незабыўнай грыбаедаўскай камедыі «Гора ад розуму»: «Где укажите журналистики перцы́, которых мы должны принять за образцы!?» – дапытваўся грозна міністр у перапалоханых калючак пяра і восаў клавіятуры? Міністр даводзіў сваім падначаленым, што дзялянку канструктыўнай крытыкі ні ў якім разе нельга аддаваць нядобразычліўцам – гэта значыць прадстаўнікам недзяржаўных медый. Бедныя журналісты «правільнай лініі» толькі за галаву хапаліся – яны даўно адвыклі ад хоць бы якой крытыкі на адрас дзяржаўных падзей і спраў. Што ім цяпер рабіць – што, каго і як крытыкаваць, дзе мяжа дазволенага і ці будзе канкрэтны план па колькасці абавязковых крытычных артыкулаў? Ці можна сыпаць солі і перцу на хвост нейкім, хоць дробным, чыноўнікам? Няўжо спакойнае жыццё раёнак, калі нічога не патрабавалася, акрамя суцэльных панегірыкаў «лучшым людзям нашава раёна» і публікацыі лічбаў новых рэкордных надояў і ураджаяў, незваротна мінае?

На гэтым стрэс раённых рэдактараў, аднак, не скончыўся. Літаральна праз тыдзень той жа міністр інфармацыі Пярцоў у час працоўнага візіту ў слаўны горад Лёзна Віцебскай вобласці правёў так званы адзіны дзень інфармавання для супрацоўнікаў рэдакцыі раённай газеты з характэрнай назвай «Сцяг перамогі». Цяпер ужо быў агучаны план інфармацыйнага цэнтру па рэарганізацыі раённых выданняў. Нягеглыя ў працы раёнкі і іх аднайменныя сайты мяркуецца ў пэўнай ступені «прышчапіць» да больш «прасунутых», а можа і скараціць увогуле. Маўляў, пара ўкараняць новыя інфармтэхналогіі. Усё як у класікаў – «Жалезны конь ідзе на змену сялянскаму коніку!».

Бедныя жыхары нашых раёнаў – раней яны выпісвалі раённыя газеты для трох мэтаў – пачытаць некралогі са спачуваннямі, выразаць праграму тэлевізіі на тыдзень, а рэшту скарыстаць у прыбіральні. Потым са зяўленнем у краіне туалетнай паперы, засталіся толькі дзве першыя патрэбы, а цяпер могуць пазбавіць і гэтага.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ