Агляд прэсы: пад прыкрыццём прынцыпаў



Беларусь як зона ўплыву Пуціна. Як і калі прымаць Украіну ў Еўразвяз? Страйк чыгуначнікаў: Вялікабрытанія ў паралічы. Энэргетычная бяспека важнейшая за экалогію? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Кантроль Пуціна над Беларуссю амаль поўны. Часткова гэта з’яўляецца вынікам пагаршэння адносін паміж Беларуссю і Захадам, асабліва пасля разгону пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, угону рэйса Ryanair, мігранцкага крызісу, падчас якога Лукашэнка спрабаваў націснуць на Захад, каб той адмяніў санкцыі, уведзеныя супраць яго нелегітымнага рэжыму. У выніку рычагі ўздзеяння Крамля могуць проста пакінуць у беларускага прэзідэнта вельмі мала варыянтаў, калі Пуцін вырашыць, што адзіны шлях да поспеху ў вайне ва Украіне – гэта Беларусь», – піша міжнароднае выданне The Conversation.

«Гэта не абавязкова азначае поўнамаштабнае ўварванне беларускай арміі ва Украіну. Але гэта можа ўключаць паступовую эскалацыю: больш вайсковых вучэнняў на мяжы, аперацыі пад фальшывым сцягам, уварванні спецназа і ракетныя атакі з беларускай тэрыторыі на сталіцу Украіны і асноўныя населеныя пункты. Беларусь таксама можа пагражаць заходнім лініям паставак, асабліва ўздоўж украінска-польскай мяжы. Як мінімум, гэта прывядзе да далейшага разбурэння Украіны і, магчыма, звяжа ўкраінскія сілы, што азначае, што яны будуць адцягнуты ад таго, што ў цяперашні час з’яўляецца галоўным тэатрам ваенных дзеянняў на Данбасе. Нягледзячы на тое, што гэта не самы горшы сцэнар фактычнага ўключэння Беларусі ў актыўныя баявыя дзеянні, нават такая паступовая эскалацыя была б дрэннай навіной. Беларусь таксама, хутчэй за ўсё, будзе ўцягвацца ўсё глыбей і глыбей у вайну, што стала больш рэальнай магчымасцю, калі Расея пагражае адплатай за рашэнне Літвы заблакаваць уезд у Калінінград па чыгунцы з Беларусі. У канчатковым рахунку, Беларусь можа быць яшчэ не на мяжы вайны, але яе магчымасці пазбегнуць такой катастрофы звужаюцца», – папярэджвае міжнароднае выданне.

На гэтым тыдні адбудзецца саміт ЕЗ, на якім будзе вырашацца пытанне аб наданні Украіне і Малдове статусу кандыдата на ўступленне ў шэрагі супольнасці. Раней Еўракамісія абнародавала свае рэкамендацыі на карысць прыняцця адпаведнага рашэння. Непасрэдна перад самітам запланавана сустрэча з кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў заходнебалканскіх краін. Еўрапейская прэса разважае над тым, якім чынам і якімі тэмпамі трэба праводзіць пашырэнне ЕЗ.

«На працягу бліжэйшых гадоў Украіна цалкам здольная выканаць усе патрабаванні для ўступлення ў ЕЗ», – мяркуе нямецкая газета Handelsblatt.

«Так, як украінцы сёння змагаюцца супраць знешняга ворага, гэтак жа ім трэба будзе змагацца і з унутранымі пагрозамі будучыні краіны. Ім трэба пазбавіць улады алігархаў, якія ў сілу свайго багацця ўсё яшчэ маюць занадта вялікі ўплыў на дзяржаву. Ім трэба перамагчы карупцыю і ўмацаваць асновы прававой дзяржавы. На вырашэнне падобных задач можа спатрэбіцца нямала гадоў, і тут цалкам магчымы рэгрэс. Аднак з праблемамі можна справіцца і хутчэй, калі народ настроены рашуча і матываваны. А ўжо гэтага ўкраінцам не займаць! Менавіта таму Еўразвяз павінен прыняць рашэнне і надаць Украіне статус кандыдата, не ствараць ёй перашкод на гэтым шляху», – піша нямецкае выданне.

З аўторка ў Вялікабрытаніі праходзіць забастоўка работнікаў чыгуначнага транспарту. У ёй бяруць удзел каля 40 тысяч чалавек. Патрабаванні забастоўшчыкаў: павышэнне зарплат і захаванне працоўных месцаў. Гэта самая буйнамаштабная забастоўка ў краіне за апошнія 30 гадоў; у выніку была паралізавана значная частка чыгуначных зносін у краіне. Паколькі да забастоўшчыкаў чыгуначнікаў збіраюцца далучыцца прадстаўнікі і іншых сектараў эканомікі, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні дзяржавы, краіну чакае «гарачае лета незадаволенасці».

«Ураду застаецца толькі праяўляць цвёрдасць», – піша брытанская газета The Times.

«Павышэнне заробкаў можа павялічыць рызыку ўзнікнення інфляцыйнай спіралі «зарплаты-цэны». Яно таксама прабіла б пралом у дзяржаўных фінансах. Як паказвае гісторыя, варта ўзнікнуць інфляцыйнай спіралі, яе пасля вельмі цяжка яе спыніць. І ёсць два фактары, якія робяць праблему інфляцыі ў Вялікабрытаніі асабліва вострай. Па-першае, гэта недахоп працоўнай сілы: рэкордная колькасць незанятых вакансій – 1,3 мільёны – надае прафсаюзам дадатковую вагу і ўплыў. Па-другое, слабасць фунта стэрлінга падвышае кошт імпарту, а таксама збольшага адлюстроўвае асцярогі рынка ў тым, што ў прэм’ер-міністра Джонсана наогул няма ніякага складнага і прадуманага эканамічнага плана», – падкрэслівае брытанскае выданне.

З мінулага тыдня Расея значна скараціла пастаўкі газу ў Заходнюю Еўропу па трубаправодзе «Паўночны паток-1». Паводле афіцыйнай заявы Крамля, прычына таму – «тэхнічныя праблемы». У мэтах зніжэння залежнасці ад расейскага газу многія краіны вяртаюцца да шкодных для экалогіі спосабаў вытворчасці энергіі, як спальванне вугалю. Еўрапейская прэса крытычна каментуе сітуацыю.

«Паколькі Расея скараціла пастаўкі газу, нават зялёныя ў Нямеччыне не супраць павялічыць вытворчасць электраэнергіі за кошт спальвання вугалю, які немцы ўжо спісалі было з рахункаў», – каментуе сітуацыю чэшская газета Lidové noviny.

«Бяспека важнейшая за экалогію, але таксама і логікі. Калі б Германія ў свой час не спыніла свае АЭС, то ёй не давялося б цяпер спальваць столькі вугалю, што шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Але тут ёсць адна праблема: зялёныя актывісты больш баяцца аварыі на ядзерным рэактары, чым глабальнага пацяплення. Зразумела, каб яно таго каштавала, ядзерныя рэактары неабходна выкарыстоўваць не кароткатэрмінова, а на працягу цэлага шэрагу гадоў. Гэтую пігульку зялёныя глынаць не жадаюць, паколькі гэта можа адбіцца на іх выніках падчас наступных выбараў. Але ў плане аховы прыроды і здабыцця Нямеччынай незалежнасці ад расейскіх энерганосьбітаў такі крок можна было б толькі вітаць», – упэўнена чэшскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя