Нафта пакуль працягне паступаць у Еўропу праз Беларусь
Пастаўкі нафты па трубаправодзе „Дружба” Еўропа вырашыла не забараняць. Аднак ранейшыя аб’ёмы транзіту аказаліся пад пагрозай.
Усяго каля 2,3 млн барэляў расейскай нафты ў дзень накіроўваецца на захад па сетцы трубаправодаў і партоў. Каля дзвюх трацін імпарту нафты з Расеі прыпадае на марскія пастаўкі. Астатняе цячэ па трубе.
Еўразвяз вырашыў не забараняць пастаўкі нафты па трубаправодзе – да таго часу, пакуль не будзе знойдзена тэхнічнае рашэнне, якое задавальняе энергетычныя патрэбы Венгрыі і іншых краін, якія не маюць выхаду да мора.
Аднак асноўная частка бягучых паставак па трубаправодзе прыпадае на Германію і Польшчу, якія далі зразумець, што адмовяцца ад паставак з Расеі незалежна ад якіх-небудзь дзеянняў ЕЗ. Па дадзеных крыніцы Вloomberg, у панядзелак Берлін пісьмова абавязаўся прытрымлівацца гэтага абяцання.
Калі абедзве краіны выканаюць свой намер, агульны эфект, нараўне з марскім эмбарга, будзе заключацца ў тым, што да канца года 90% продажаў расейскай сырой нафты ў ЕЗ скароцяцца.