Беларусь пазбаўленая статусу назіральніка ў Энергетычнай хартыі



Краіны-сябры Энергетычнай хартыі пазбавілі Беларусь і Расею статусу назіральнікаў у супольнасці, а таксама прыпынілі часовае ўжыванне Дамовы да Энергетычнай хартыі ў дачыненні да Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс – служба Мінэнерга Украіны.

«Дзяржава-агрэсар, якая парушае міжнародныя дамовы, пагражае правам іншых дзяржаў і народаў, а таксама свайго сатэліта, заслугоўвае міжнароднай ізаляцыі, у тым ліку ў энергетычных супольнасцях і арганізацыях», – пракаментаваў рашэнне міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка.

Энергетычная хартыя замацоўвае прынцыпы супрацы ў сферы абароны замежных інвестыцый, усталёўвае транзітныя правілы адносна энергасістэм і механізмаў вырашэння спрэчак паміж інвестарамі і дзяржавамі.

Беларусь і Расея падпісалі Дамову аб Энергетычнай хартыі, аднак так і не ратыфікавалі яе.