Агляд прэсы: ударны антаганізм
Пуцін выбірае Беларусь у новай ядзернай правакацыі. Ракеты ўдарылі па Кіеве праз некалькі гадзін пасля таго, як Уладзімір Пуцін уначы прыехаў ў Крэмль. Ці мажліва ўзаемападтрымка мусульман? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Прэзідэнт Расеі рыхтуе для свайго любімага сябра-дыктатара спецыяльны падарунак, які складаецца з ядзернай зброі. Расея заявіла ў суботу, што плануе накіраваць у Беларусь ракеты ядзернага класа на працягу некалькіх месяцаў, што сведчыць пра смеласць, пасля таго, як яна дасягнула поспехаў ва ўсходніх рэгіёнах Украіны», – піша амерыканскае выданне The Daily Beast.
«Пуцін даў гэтае абяцанне на сустрэчы з Лукашэнкам, які публічна падтрымаў Расею ў яе ўварванні ва Украіну. Пуцін таксама паабяцаў дапамагчы ў мадэрнізацыі некаторых беларускіх самалётаў для падтрымкі ядзерных ракет ды перадаць у Беларусь тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр-М», якія могуць выкарыстоўваць балістычныя або крылатыя ракеты ў звычайным і ядзерным варыянце. І гэтая патэнцыйна смяротна небяспечная здзелка-дэкларацыя расейскай арміі прагучала, калі Пуцін застаецца недатыкальнай парыяй сярод сусветных лідэраў падчас саміту G7 у Германіі. Там лідэры ЗША, Вялікабрытаніі і іншых краін абмяркоўвалі далейшыя санкцыі для Расеі за вайну Пуціна. Аб’ява таксама прагучала праз некалькі дзён пасля таго, як расейскія войскі выцеснілі ўкраінскія войскі з горада Лысічанск у рамках намаганняў прэтэндаваць на тэрыторыі ўздоўж усходніх рэгіёнаў Украіны. Украіна заявіла, што спадзяецца супрацьстаяць агрэсіі пры дапамозе нядаўна набытых у ЗША сістэм зброі, а таму лета будзе гарачым», – адзначае амерыканскае выданне.
«Расейскія ракеты ўпершыню з красавіка ў нядзелю ўдарылі ў жылы дом у цэнтры Кіева, праз некалькі гадзін пасля таго, як картэж Уладзіміра Пуціна быў заўважаны позна ўвечары ля Крамля», – піша інфармацыйнае выданне Новай Зеландыі NZME.
«Вой ракетных сірэн стаў фонавым шумам у Кіеве за апошнія пару месяцаў, і жыццё вярнулася да звычайнага пасля таго, як Расея перанесла ўвагу на ўсходні рэгіён Данбаса за сотні міль. Нягледзячы на пашкоджанні шматлікіх жылых дамоў і штодзённыя пахаванні загінулых салдат, тысячы людзей, якія ўцяклі ад першапачатковага расейскага ўварвання, вярнуліся ў сталіцу. Мэр Кіева Віталь Клічко, які ў нядзелю аб’язджаў месца ракетнага ўдару, абвінаваціў Уладзіміра Пуціна ў здзяйсненні генацыду. Некаторыя аналітыкі выказалі здагадку, што нядзельная ракетная атака на Кіеў магла быць адплатай за дастаўку ва Украіну з Захаду высокадакладных ракет, якія, як паведамляецца, прыбылі некалькі дзён таму», – падкрэслівае новазеландскае выданне.
На мінулым тыдні, у сераду раніцай у горным рэгіёне на ўсходзе Афганістана адбыўся моцны землятрус. Загінулі сама меней тысяча чалавек, і каля паўтары тысячы былі параненыя. Выратавальныя работы спалучаны з масай складанасцяў: мясцовасць цяжкадаступная, не хапае спецыяльнай тэхнікі. Хто і як павінен аказаць дапамогу?
Пракурдская ісламісцкая газета Doğruhaber расчараваная адсутнасцю дапамогі афганскаму народу з боку ісламскага свету.
«Па ідэі, мусульмане павінны былі мабілізаваць усе свае рэсурсы дзеля таго, каб дапамагчы афганскаму народу, які пакутуе ад наступстваў землятрусу. Народу, які апроч гэтай бяды сутыкаецца і з мноствам іншых: з абмежаванымі рэсурсамі, эканамічнымі цяжкасцямі і іншымі сур’ёзнымі праблемамі, такімі як галеча і засуха. Можна было чакаць, што ісламскі свет, далёкі ад заходніх уяўленняў, больш чула адрэагуе на землятрус у Аўганістане, у духу ісламскіх каштоўнасцяў. Але, нажаль, гэтага не адбылося», – піша ісламісцкае выданне.
Аўстрыйскі ўрад прыняў рашэнне адмяніць абавязковую вакцынацыю ад каранавіруса, якая дзейнічала ў краіне з лютага гэтага года. Пры гэтым закон аб абавязковай вакцынацыі і звязаныя з ім санкцыі так і не былі прыменены. Ці ёсць сэнс спадзявацца на добраахвотную вакцынацыю?
«Гэты закон толькі пагоршыў рознагалоссі ў грамадстве», – лічыць аўстрыйская газета Kleine Zeitung.
«Праз сем месяцаў гэтая больш чым спрэчная прылада канчаткова прызнаны непрыдатнай. Усведамленне прыходзіць позна, а аргумент аб мутацыі віруса не выглядае занадта пераканаўчым. Логіка штрафаў і пакаранняў не спрацавала. Магчыма, наладжваючы асобныя групы грамадства адзін супраць другога – гледзіце, тут «добрыя» вакцынаваныя, а тамака непрышчэпленыя адшчапенцы! – можна выйграць выбары. Але калі ставіцца мэта заахвоціць людзей дзейнічаць салідарна і ў інтарэсах усяго грамадства, то падобным спосабам можна дабіцца толькі зваротнага. Адмова ад ідэі абавязковай вакцынацыі – гэта свайго роду прызнанне: нікога з тых, хто сам не жадаў рабіць прышчэпку, такім спосабам пераканаць не ўдалося. Наадварот, гэтая ідэя толькі паглыбіла раскол у грамадстве», – паведамляе аўстрыйскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя