Ці дачакаецца Стары замак паўнавартаснай рэстаўрацыі? (абноўлена)



Аднаўленне гарадзенскага Старога замку магло б паспрыяць істотнаму паляпшэнню турыстычнага клімату ў абласным цэнтры і павялічэнню наведванняў горада над Нёманам гасцямі з блізкага і далёкага замежжа. Гэта па словах гісторыка Таццяны Казак павінна стаць для мясцовых уладаў арыенцірам у справе абавязковай рэстаўрацыі замка, сцены якога памятаюць караля Стэфана Баторыя.

– Канешне, калі замак з’явіцца ў новым нейкім выглядзе, з новай экспазіцыяй, як музейны аб’ект, з новымі сценамі, таксама з больш актыўным уключэннем таго, што знаходзіцца на Замкавай гары. Плюс навокал саму гару ўладкаваць. Гэта будзем помнік нумар адзін у Гародні для наведвання турыстаў.

Гісторыя гарадзенскага Старога замку пачалася ў 12 стагоддзі, калі на Замкавай гары на месцы старажытнага паселішча ўзнік драўляны абарончы замак. Апошні капітальны рамон у будынку Старога замка быў зроблены ў 50-х гадах мінулага стагоддзя.

* * *

Больш 130 тысяч даляраў выдаткавала дзяржава на правядзенне будаўнічых працаў у гарадзенскім  Старым замку. Грошы прызначаныя на правядзенне даследаванняў стану падмуркаў і сценаў помніка архітэктуры. Пра паўнавартасную рэстаўрацыю размова пакуль не ідзе – адсутнасць сродкаў не дазваляе ажыццявіць планы, якія, на думку гісторыка Андрэя Чарнякевіча, выглядаюць даволі прывідна:

– Па вялікім рахунку, гарадзенскага досведу дасканалых рэканструкцый няма. І гэта напружвае больш за ўсё. Сярод грамадскіх пачынанняў, як мне падаецца, варта папулярызаваць замак, рабіць усё, што ідзе на карысць менавіта легенды, міфа гарадзенскага замка, пакідаючы спецыялістам права займацца адбудовай, рэканструкцыяй, але пры гэтым ствараючы поле для дыскусій.

Адмыслоўцы сцвярджаюць, што працы па рэстаўрацыі гарадзенскага Старога замка будуць каштаваць не танней, чым у Мірскім і Нясвіжскім замках. У рэспубліканскім і абласным бюджэтах такіх сродкаў няма, а грантавая дапамога Еўразвяза можа ажыццявіцца толькі ў выпадку існавання будаўнічага праекта.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня