Пра народнага, які зусім не народны



Народныя пісьменнікі ўжо не тыя. А дакладней зусім не народныя. Народнымі іх называюць хіба толькі ўлады. І не проста называюць, а званні народнага даюць. У Беларусі ўпершыню за 29 год з’явіўся новы афіцыйны “народны пісьменнік”. І ўпершыню за ўвесь час народным беларускім пісьменнікам прызначылі рускамоўнага літаратара. Саміведаецехто выдаў указ, згодна якому, генералу Чаргінцу прысвоена званне народнага пісьменніка.

Пакіну ў баку развагі пра тое, што народны пісьменнік/ паэт – савецкі атавізм. Што ніхто ніколі не чуў пра крытэры, паводле якіх выдаецца званне народнага. І чаму, напрыклад, той жа Рэмарк – не з’яўляецца народным пісьменнікам Нямеччыны. Больш за тое, там ўвогуле няма народных пісьменнікаў. Так жа, як няма іх Францыі ці Вялікабрытаніі. Але, калі ўжо ёсць гэты савецкі атавізм, то чамусьці ўяўлялася, што народны, нягледзячы на ўсё, – гэта, прынамсі, той, хто піша на мове народу. У Беларусі 8 народных паэтаў. Янка Купала, Якуб Колас, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Пятрусь Броўка, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін. Адгадайце, на якой мове яны пісалі? Правільна, па-беларуску. Аднак яны цікавыя не тым, што народныя, а менавіта сваёй творчасцю. Народных пісьменнікаў да нядаўняга было 9. Гэта Кандарт Крапіва, Міхась Лынькоў, Іван Мележ, Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак, Васіль Быкаў, Янка Брыль, Іван Чыгрынаў, Іван Науменка. І яны таксама пісалі па-беларуску. І вось у гэтым шэрагу з’яўляецца генерал Мікалай Чаргінец… А ўвогуле ён хутчэй праўладны, чым народны.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ