„Беларускі трэкер перамен”: Беларусь, як ізаляваны ад Захаду васал Расеі, нецікавы нават для Азіі



Група вядучых беларускіх аналітыкаў прадставіла анлайн-прэзентацыю першай штоквартальнай справаздачы „Беларускі трэкер перамен”.

Пра тое, чаму любы партнёр Беларусі можа падпасці пад другасныя санкцыі Еўропы, распавёў асацыяваны аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах Павел Слюнькін:

– Выбіраючы паміж малаперспектыўнымі спробамі аднавіць дыялог з заходнімі краінамі і добра знаёмым рэжыму гандлем лаяльнасцю суверэнітэтам Беларусі ў абмен на дапамогу Масквы, Лукашэнка робіць стаўку на другое. Ён чалавек глыбока савецкіх поглядаў, з нашага пункту гледжання, ён намагаецца аднавіць эканамічныя практыкі СССР у межах двухбаковых адносін з Расеяй. Гэта опцыя з’яўляецца зараз адзінай даступнай для яго, калі выключыць крокі па дэмакратызацыі і лібералізацыі. У доўгатэрміновай перспектыве такая палітыка па дэсуверэнізацыі Беларусі пагражае тым, што Беларусь будзе заставацца залежнай краінай фармальна, а ключавыя ўнутрыпалітычныя, знешнепалітычныя рашэнні перададуць у Маскву.

Cярод мноства негатыўных тэндэнцый у Беларусі запрошаны прафесар Універсітэта Карласа III у Мадрыдзе, акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова адзначыла наступнае:

Гэтыя санкцыі хутчэй ужо стральба на паражэнне, бо сёння еўрапейскія санкцыі пакрываюць асноўныя экспартныя групы беларускіх тавараў, якія экспартаваліся ў тым накірунку, яны пакрываюць 70% экспарту ў ЕЗ. Для Беларусі гэта вельмі вялікі ўдар, бо Беларусь гэта адкрытая маленькая эканоміка, якая экспартавала вельмі шмат і таксама імпартавала. Акрамя экспартных санкцый яшчэ фінансавыя санкцыі, якія вельмі моцна ўскладняюць знешнеэканамічныя адносіны з любымі краінамі.

Паводле аналітыкаў, падтрымка Беларусі вайны Расеі ва Украіне мае негатыўныя наступствы для эканомікі краіны і ўспрымання беларусаў у свеце, але выгадная для рэжыму, які, тым самым, падтрымлівае ўласную ўстойлівасць. Акрамя гэтага, Беларусь згубіла важнага гандлёвага партнёра – Украіну.

Беларускае Радыё Рацыя