ЗША затрымалі танкер з нафтапрадуктамі, які прыбыў з Расеі
Мытная і памежная служба ЗША затрымала грэчаскі танкер Daytona, які накіроўваўся ў порт у Луізіяне з грузам мазуту і вакуумнага газойлю, атрыманым на Таманскім паўвостраве ў Расеі.
Як паведамляе WSJ, танкер грэчаскай TMS Tankers Ltd. быў зафрахтаваны швейцарскім трэйдарам Vitol. Прадстаўнік трэйдара заявіў выданню, што кампанія выконвае ўсе санкцыйныя рэжымы, але паведамляць падрабязнасці адмовіўся.
WSJ адзначае, што па дадзеных платформы адсочвання таварных патокаў Kpler, груз пазначаны як расейскі. Аднак з гэтага тэрмінала на Таманскім паўвостраве адгружаюцца і казахстанскія нафта і нафтапрадукты, якія не знаходзяцца пад санкцыямі.
Затрыманне танкера і праверка яго грузу сведчаць аб тым, што амерыканскія ўлады старанна падыходзяць да захавання санкцыйных рэжымаў, уведзеных супраць РФ.