Аб’яўлены набор на паглыблены курс па правах чалавека
Беларуская праваабарончая школа аб’явіла набор на паглыблены курс па правах чалавека. Курс накіраваны на атрыманне ведаў у галіне правоў чалавека, а таксама іх практычнае прымяненне ў праваабарончай і грамадскай сферах.
Папярэдні набор праводзіўся ў 2020-м годзе. Цяпер жа будуць улічаныя новыя выклікі часу, адзначае камунікацыйная мэнэджарка Беларускай праваабарончай школы Дар’я Рублеўская:
– Два гады таму мы, напрыклад, не разглядалі Міжнароднае гуманітарнае права. Цяпер гэта адна з важных тэмаў, якой мы сапраўды будзем надзяляць вельмі шмат часу. Будзем больш гутарыць пра цяперашні стан, пра метрыкі, крытэрыі, статыстыку, звязаныя з актуальным станам правоў чалавека ў Беларусі. Ды іншыя тэмы, напрыклад, хто такія палітвязні, хто імі прызнаецца, якая структура праваабарончай супольнасці, хто прызнае тых самых палітычных вязняў.
Паглыблены курс па Правах чалавека складаецца з дзвюх анлайн-частак і адной афлайн-часткі ў Літве. Інфармацыю пра ўмовы набору можна знайсці тут. Заяўкі прымаюцца да 8 ліпеня, а першая анлайн-частка стартуе 15 ліпеня.
Беларускае Радыё Рацыя