Руся і яе новы праект



Руся – былая лідарка рок-гурта „Indiga” – сёння госця нашага радыё. Таленавітая спявачка супрацоўнічала з іншымі зоркамі беларускай сцэны, сярод якіх „Крама”, „Partyzone”, Андрусь Такінданг. У 2006 годзе Руся атрымала званне рок-князёўны на дзясятай рок-каранацыі. Зараз працуе як прафесійны лектар. Яна не спыняе таксама спяваць. Голас Марыны Шукюравай можна пачуць у розных праектах, сярод якіх „Шума”.

DJ ZONA са спявачкай размаўляе пра яе апошні праект.

РР: Гадоў таму 11-12 ты з’явілася так нечакана з гуртам „Indiga”.

Руся: Так, я памятаю, мы на «Басовішчы» ўпершыню з табой пазнаёміліся. І цяпер я тут, на вашым радыё, якое для мяне вельмі блізкае. Я заўжды з задавальненнем слухаю ўсе праграмы. І рада быць сёння тут.

Цяпер я з рок-н-ролу пераскокнула ў этнічную, электронную музыку і апошнія некалькі гадоў займаюся праектам «Шума». Мы спрабуем распрацаваць новы кірунак, які называем digital archaica. Мы спрабуем перанесці архаічны пласт беларускай традыцыйнай культуры вось у такую дэгітальную эстэтыку сучаснай электроннай музыкі.

РР: Як узнікла такая думка?

Руся: Скажу шчыра, мне ўжо надакучылі гэтыя гітары, бубны… Нас усіх гэта стаміла. А электронная музыка мне падабаецца тым, што гэта сучасная мова, новае медыя, гэта звышмасіўны інструмент, які дазваляе ствараць любыя музычныя палотны. Гэта якраз тое, што складаецца ў тваёй галаве.

РР: Адкуль у цябе ўвогуле думка праекта “Шума”? Гэта твая ўласная думка ці разам з кімсьці прыдумалі?

Руся: Я як асоба беларусізаваная і чалавек, які займаецца культурай, заўсёды думала пра тое, як дапамагчы роднай культуры, якая пакрысе загінаецца. І баюся, што хутка Беларусь знікне як геаграфічная адзінка з мапы свету, на жаль. І вы самі добра разумееце, што мы маем праблемы і з мовай, і з этнічнай самаідэнтыфікацыяй. Таму я шукала такі спосаб, нейкі інструмент, якім магла б вярнуць традыцыйную культуру, перанесці яе ў сучаснае поле. Падумала, што было б цікава працаваць з архаічнымі спевамі ў сучасным стылі. Ну, і вядома, на паверхні апынулася сучасная музыка. І я паспрабавала сумясціць бабуліна выкананне вясковымі галасамі, народную манеру спеву з электроннай музыкай.

Паступова перайшлі да субтонавай тэхнікі выканання – гэта калі на вакальныя струны падаецца шмат паветра. Гэта гучыць вельмі сучасна. А калі надаецца яшчэ электронная музыка… Вось гэта мне і падалося карэктнай формай. Мы паспрабавалі зрабіць некалькі трэкаў, адчулі, што гэта карыстаецца поспехам, што нам гэта прыносіць шмат асалоды, людзям сучасным гэта вельмі лёгка ўваходзіць у вуха, таму вырашылі на гэтым і спыніцца. Вось гэтую думку і развіваем. Мы бяром традыцыйную народную песню, не змяняем мелодыю, а змяняем толькі манеру выканання ды апрацоўваем пры дапамозе электронных гукаў.

РР: Як табе ўдалося знайсці музыкаў для супрацы, пераканаць іх да такіх спеваў?

Руся: Ну, у мяне такі талент – перановаць людзей. А па-другое, кожны культурны чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі, рана ці позна разумее, што ўсё, што ты можаш зрабіць, – гэта працаваць з мясцовым кантэкстам. Ты можаш уплываць на падтрымку культуры, яе развіццё.

Так, сучасная моладзь не вельмі хоча слухаць гэтыя бабуліны спевы. І калі мы працуем у архаічных строях, спяваем так, як гэта чуем у вёсках падчас этнаграфічных экспедыцый, то на такіх канцэртах першая рэакцыя – нехта рагоча, хтосьці крывіць вусны, нехта плача, адчуўшы катарсіс, бо дагэтуль не чулі такога… Па-рознаму. Але збольшага, на жаль, яна крыху пагардлівая. Але гэта паступова праходзіць, людзі паглыбляюцца ў гэтую тэму. Праз “Шуму” яны прыходзяць да архаічнага пласта, да “Гуды”, “Кудменя”, “Троіцы” і г.д. Таму, на маю думку, ідэя аб’яднаць архаіку і сучасныя жанры – даволі добрая падтрымка культуры. Бо людзі, пачынаючы з гэтага сучаснага, больш спрошчанага, атрымліваюць шанец прыйсці да больш глыбокага.

РР: Гэта мне нагадвае тваю працу з “Палацам” і “Крыві”.

Руся: Так. Але яны працавалі крыху з іншай музыкай – гэта рок, поп. А электронная музыка – гэта новая з’ява на беларускім культурным полі.

РР: Вашай музыкай цікавяцца і за мяжой.

Руся: Ёсць цікавасць з боку еўрапейскага і амерыканскага рынкаў. Але не так усё проста. Рынак падзелены на пэўныя сегменты. І мы вагаемся паміж world music, але не адпавядаем ёй цалкам, бо ў нас вельмі моцны электронны кампанент. І другі сегмент, у які мы трапляем, гэта электронная музыка, але не на 100%, бо ў нас вельмі моцны этнічны вакальны кампанент. Таму на гэтым памежжы вельмі цяжка існаваць.

Цікаўнасць да нас, безумлоўна, ёсць. Мы з “Шумай” пачалі працаваць з выдатнейшым прадзюсарам музыкі Алексісам Скорпіо, зрабілі першы анлайн-рэліз. І Алексіс адразу ж атрымаў кантракт на 2 гады ў вельмі дарагой студыі ў Амерыцы.

Хутка пачынаем нашы еўрапейскія гастролі і 29-га жніўня выступім у Беластоку.

РР: Вы маеце шмат рэміксаў сваіх песень.

Руся: Так, бо “Шума” дзейнічае не проста як нейкі бэнд, як гурт. Гэта творчая лабараторыя, суполка людзей, якія неабыякава ставяцца да аднаўлення і распаўсюду беларускай культуры. І мы намагаемся як мага больш рэміксавацца і запрашаць людзей папрацаваць менавіта з архаічным склданікам.

З 9-га жніўня мы пачынаем актыўныя гастролі. Зараз таксама працуем над тым, каб выдаць некалькі сінглаў на вініле. Нашыя запісы можна знайсці на сайце www. shuma.by.

Паўтаруся, што звышмэта “Шумы” – гэта не грошы, а распаўсюд інфармацыі. Сапраўды, беларуская культура – гэта тое, што мае права існаваць вечна.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота shuma.by