Грамадзянам Польшчы з 1 ліпеня дазволілі бязвізавы ўезд у Беларусь
Грамадзянам Польшчы з 1 ліпеня дазволілі бязвізавы ўезд у Беларусь. Дзяржаўны памежны камітэт паведаміў, што «ў мэтах падтрымання добрасуседскіх адносін» Лукашэнка ўвёў часовы бязвізавы рэжым для грамадзян Польшчы. Новаўвядзенне будзе дзейнічаць з 00 гадзін 1 ліпеня па 31 снежня ўключна. Тлумачыцца, што грамадзянам Польшчы можна будзе перасякаць мяжу без візы ў пунктах пропуску на беларуска-польскім участку мяжы. Таксама ім будзе дазволена наведванне памежнай зоны без пропуску.
Для бязвізавага ўезду ў Беларусь палякам неабходна будзе прад’явіць толькі сапраўдны дакумент для выезду за мяжу, зялёную карту (пры ўездзе на машыне), а таксама мець пры сабе медыцынскую страхоўку. Раней бязвізавы рэжым быў уведзены таксама для грамадзян Літвы і Латвіі.
Беларускае Радыё Рацыя