Яўген Лаўранюк: Цікавасці да Беларусі ў турыстычным плане няма
„Цікавасці да Беларусі ў турыстычным плане цяпер няма”, – канстатуе „Госць Рацыі” Яўген Лаўранюк, дырэктар турыстычнай фірмы „Junior” у Беластоку.
Гэтая фірма шмат гадоў арганізавала экскурсіі ў Гародню, Мір, Нясвіж, Наваградак ды іншыя беларускія гарады, але цяпер пераключылася на іншыя напрамкі. На гэта паўплывала найперш геапалітычная сітуацыя.
РР: Цяпер сітуацыя няпростая?
– Цяпер сітуацыя няпростая. Ведаем пра гэтыя праблемы з мігрантамі на мяжы, ведаем пра сітуацыю пасля пандэміі – два гады кавіду. Цяпер яшчэ вайна ва Украіне. Усё гэта вельмі моцна ўплывае на развіццё польска-беларускага турызму.
РР: Вы цяпер пераключыліся на іншыя напрамкі?
– Экскурсіі ў Беларусь ёсць на нашым сайце. Раней мы ўсё гэта рабілі для турыстаў з Польшчы, з Беластока, якія часта ездзілі, гэта былі групы з Польшчы. Цяпер попыту на паездкі ў Беларусь няма, яны адзінкавыя. Ёсць пытанні пра санаторыі, але гэта таксама толькі індывідуальныя. Груп на жаль цяпер няма і іх не будзе пакуль сітуацыя не стабілізуецца. Закрыта Кузніца, закрыта Чарэмха, працуюць толькі Баброўнікі. Пасылаць турыстаў, каб яны стаялі на мяжы 6-7 гадзін, пасля будуць да нас прэтэнзіі. Пакуль сітуацыя не стабілізуецца з мяжой, з вайной ва Украіне, такога турызму, як некалі на жаль не будзе. Ёсць што ў Беларусі паглядзець, добрыя месцы, добрыя людзі, але зацікаўленасці пакуль няма.
РР: Ці ёсць зацікаўленасць з іншага боку – з беларускага?
– З беларускага боку ёсць і гэта вялікая зацікаўленасць, але польскія дыпламатычныя пляцоўкі пакуль не даюць турыстычных віз. Там ёсць гуманітарныя, працоўныя, службовыя, турыстычных яны пакуль не даюць. Таму пакуль не будуць даваць турыстычных віз, таксама вялікай плыні турыстаў не будзе. Ездзяць тыя ў каго былі візы, а такіх сапраўдных турыстаў вельмі мала.
Таксама мала ахвотных паехаць лячыцца ў беларускія санаторыі, а раней гэта быў заўважны паток людзей – дадае Яўген Лаўранюк. У сваю чаргу і беларусам цяжка трапіць у Польшчу з увагі на складанасці з атрыманнем турыстычных віз.
Беларускае Радыё Рацыя