Цягам двух месяцаў на Падляшшы з’явіцца помнік святой Марыі Петручук



Ужо напрыканцы жніўня на могілках ў Малешах стане помнік Святой падляшскай зямлі Марыі Петручук з Шпакоў. Пачаліся ўжо працы па рэзцы каменя. Гаворыць аўтар праекту помніка архітэктар прафесар Юры Усціновіч.

– Некалькі гадоў мы вельмі стараліся, каб гэты помнік быў створаны, таму што ён ёсць выразам нашай святой памяці выяўленай ў камені. Помнік падрыхтаваны з адпаведнымі іканаграфічнымі элементамі. Спадзяёмся, што помнік паўстане на працягу двух месяцаў.

Пабудову помніка ініцыявалі некалькі гадоў таму. Да падзеі была падрыхтаваная выстава «Наша памяць». З-за пандэміі працы пры помніку зацягнуліся. Кажа прадстаўнік грамадзкай ініцыятывы „наша памяць” Юры Каліна:

– Хіба найбольш балючая справа – фінансы. Мы, дзякуючы людзям добрай волі з Падляшша, а таксама з усёй Польшчы, назбіралі 30 тысяч злотых амаль. Два гады таму гэтага б хапіла, зараз, як мы ўсе ведаем, усе цэны пайшлі страшэнна ўгару і напэўна трэба будзе яшчэ дапрасіць фінансаў і тут просьба да слухачоў Радыё Рацыя, каб, калі звернемся, дапамаглі.

Святая Марыя Петручук адна з ахвяраў злачынства, здзейсненага 2 лютага 1946 году ў Шпаках аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса па мянушцы Буры. Марыя Петручук не паддалася гвалту, адзін з нападнікаў стрэліў ў яе серыяй з аўтамата. Памерла 6 лютага 1946 году ў шпіталі ў Бельску Падляшскім. У 2018 годзе сябры ініцыятывы Наша Памяць знайшлі ейную зруйнаваную часам магілу. У 2020 годзе Сабор Япіскапаў Польскай праваслаўнай Царквы залічыў ўсе ахвяры Бурага з Залешанаў, Шпакоў, а таксама вазакоў расстраляных ў Пухалах Старых ў лік святых падляшскай зямлі.                                                                                                                                                                      
Ахвяраванні на помнік можна дасылаць на рахунак:
Białoruskie Towarzystwo Historyczne,
IBAN PL 70 1240 5211 1111 0000 4930 2882,
z dopiskiem „Nasza Pamięć”.

Беларускае Радыё Рацыя