Цэны на электроніку ў Беларусі выраслі на 30-50 працэнтаў



З-за санкцыйных абмежаванняў асартымент крамаў скараціўся. Кіраўнік інтэрнэт-гіпермаркета 21vek.by Сяргей Вайніловіч распавёў падчас анлайн-дыскусіі «Маркетплэйсы ў Беларусі – выратавальны круг ці якар?» аб тым, што пасля ўвядзення санкцый у Беларусі па-ранейшаму ёсць магчымасць завозіць прадукцыю замежных брэндаў, якія пайшлі з рынку.

Цяжкасць заключаецца ў тым, каб гэта адбывалася хутка і па дэмакратычных коштах. Па словах прадпрымальніка, зараз асартымент інтэрнэт-пляцоўкі скараціўся да 85% ад планавага.

– Прадукцыя замежных брэндаў, якія абвясцілі, што не пастаўляюць у Беларусь і Расею свае тавары, спадзяемся, застанецца – гэта і Apple, і Electrolux, і іншыя, – сказаў ён. – Праўда, пакуль не можам атрымаць актуальную прапанову па кошце. Айфоны ёсць, але сталі яшчэ даражэйшымі. Яшчэ даражэй ужо не будуць – кошт і так касмічны.

Сяргей Вайніловіч таксама заўважыў, што ў сакавіку, напрыклад, усе пастаўшчыкі электронікі пералічылі цэны, таму тавары падаражэлі ў 2-2,5 раза. На беларускім рынку яны падраслі на 30-50 працэнтаў.