Пра страшылкі ад уладаў Беларусі



Пачытаеш дзяржаўныя сайты, якія чамусьці называюць сябе СМІ, і ажно страшна становіцца ад таго, што адбываецца ў гэтых Еўропах. Там жа, на гэтым варожым захадзе, жыць немагчыма. У Велікабрытаніі чакаюць калапсу прадпрыемстваў. А яшчэ там блакуюць дарогі праз рост цэн на паліва. У  Нідэрландах – пустыя палічкі ў крамах праз пратэсты фермераў. У Латвіі падвысіліся цэны на малако і гародніну. У Польшчы таксама падвысіліся цэны на мяса, малочныя прадукты і хлеб. Як яны там толькі, бедныя, жывуць. Відаць, галадаюць. І толькі ў Беларусі – усё стабільна. Як заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігар Брыло, дэфіцыту прадуктаў харчавання на беларускім рынку няма. Не краіна – а рай на зямлі. Яшчэ трошкі – і з Літвы, Латвіі і Польшчы масава паедуць грамадзяне па бязвізе, каб набыць гуркоў з хлебам і напоўніць бакі машын палівам. Перафразуючы вядомы выраз, які еўрапеец не марыць прыехаць у Беларусь. Галоўнае, пры гэтым маўчаць, белае і чырвонае не адзяваць, не хадзіць, дзе не трэба, кніжкі, які не трэба, не чытаць. А самае галоўнае, ведаць, з кім сябраваць, а з кім – не. А так можна не баяцца: ну, падумаеш, дыктатура ў Сінявокай, падумаеш, арыштаваць могуць любога ні за што. Затое ў Беларусі фермеры не пратэстуюць. А паспрабавалі б, то адразу б суткі атрымалі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ