Пра тое, чаму забыліся на Купалу



7 ліпеня 2022 года ў Беларусі маглі б адзначацца на высокім узроўні і маштабна два юбілеі: 140-годдзе з моманту нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы і 135-годдзе сусветна вядомага мастака Марка Шагала. Апошняму, зрэшты, пашанцавала болей. Пра знакамітага нараджэнца Віцебска, прынамсі, згадалі лаканічна ў флагманскіх рэжымных выданнях. А вось Яну Дамінікавічу Луцэвічу не знайшлося месца ані на галоўных старонках дзяржаўных СМІ, ані ў віншавальных прамовах чыноўнікаў. Пра 140-годдзе стваральніка сучаснай беларускай паэзіі сведчаць толькі юбілейныя выставы ў некалькіх музеях і радыёперадачы на нізкарэйтынгавых ФМ-станцыях. Праўладныя тг-каналы падалі ў лепшым выпадку інфармацыю суха, прычым па-расейску. Такое стаўленне да аднаго з асноўных беларускіх паэтаў наўрад ці можна патлумачыць забыўчасцю ўладаў альбо бракам фінансаў. Практыка першай паловы 1990-х паказвае, што значныя для Беларусі святы адзначаліся часта сціпла, але з максімальным эфектам. Выглядае на тое, што ў рэаліях лукашэнкаўскай дзяржавы мінімальныя праявы беларушчыны, нават у ідэалагічна вывераным выглядзе, не патрэбныя. Гэта выглядае абсурдна нават у параўнанні з савецкім перыядам, які цяжка назваць спрыяльным для беларускай нацыянальнай культуры. А вось у цяперашняй Беларусі выяўляецца тэндэнцыя на адмаўленне ад усяго, што не ўпісваецца ў шаблоны заходнерусізма.

Нават у часы СССР камуністычныя ўлады заігрывалі з нацыянальнай тэмай, каб мець дадатковы рычаг уздзеяння на насельніцтва рэспублік. Што праўда, у пантэон герояў у асноўным залічваліся асобы, дзейнасць якіх не супярэчыла афіцыйнаму наратыву. Ці, у скрайнім выпадку, іх вобразы маглі быць падкарэктаваныя ў рэчышчы прыхільнасці ідэям сацыялізму і “дружбе народаў”. З дзеячамі далёкага мінулага было ўсё дастаткова проста. Большасць выкрэслівалася з памяці, а з некаторых ляпілі папярэднікаў пралетарскіх правадыроў. Так сталася, напрыклад, з постаццю кіраўніка вызвольнага паўстання Кастусём Каліноўскім, які быў надзвычай папулярным героем для беларускіх творцаў у першыя дзесяцігоддзі існавання савецкай дзяржавы. З сучаснікамі, кшталту стваральнікаў беларускай нацыянальнай літаратуры, было больш пытанняў. Тыя, хто дажыў да эпохі сталінізму, былі вымушаныя дэклараваць сваю адданасць камуністычнай ідэалогіі. З Янкам Купалам, які бачыў на свае вочы заняпад Расейскай імперыі, І сусветную вайну, абвяшчэнне БНР, акупацыю бальшавікамі Беларусі, беларусізацыю і, нарэшце, сталінскія рэпрэсіі, адбыліся ўсё тыя ж метамарфозы, якія наўрад ці яму падабаліся самому, што адлюстравалася ў ягонай творчасці. Аднак нават у тых умовах значнасць персоны Янкі Купалы ўсё ж прызнавалася, чаго не скажаш пра лукашэнкаўскую Беларусь. Цяперашняе кіраўніцтва, калі прааналізаваць іх зацятае змаганне з нацыянальнымі арганізацыямі, літаратурай, сімваламі, бачыць пагрозу нават у лаяльнай беларускай культуры. Адпаведна, прадстаўнікі рэжыму і ідэалагічная вертыкаль робяць стаўку на заходнерусізм, для якога з’яўляюцца чужаснымі нават этнаграфічныя і моўныя асаблівасці беларусаў. Менавіта таму ўся сучасная беларуская культура робіцца насуперак дзяржаўнай машыне. А калі і здараюцца выключэнні, то адказныя чыноўнікі хутка ставяць усё на свае месцы. Гэтак, напрыклад, можна патлумачыць фактычную забарону мастацкай стужкі Уладзіміра Янкоўскага “Купала”, якая пасля пратэстаў 2020 года была адкладзеная на палічку.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ