Памёр ветэран БЗВ з Ліды Іван Грос



Памёр ветэран беларускага нацыянальнага руху ў Лідзе Іван Грос. Падпалкоўніку ў адстаўцы было 85 гадоў.

Напачатку 1990-х гадоў Іван Грос быў адным з заснавальнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ), узначальваў Лідскую арганізацыю БЗВ. Спадчынны сацыял-дэмакрат, сябар БСДП – яго бацька быў сябрам БСДГ.

Іван Грос нарадзіўся ў вёсцы Істакі Лідскага раёна ў 1937 годзе. Гэты рэгіён: Дроздава, Ганчары, Істакі, Баравічы, Масявічы і іншыя быў вядомы сваёй прабеларускай арыентацыяй у часы Польшчы. Тут некалі актыўна дзейнічалі БСДГ і ТБШ.

Пасля вайны Іван скончыў школу, працаваў шафёрам у калгасе, служыў у Савецкай Арміі, закончыў вайсковае вучылішча, прайшоў Афганістан, служыў у ГДР. Закончыў службу камандзірам АБАТЗ авіяцыйнага палка.

Пахавалі Івана Гроса 9 ліпеня на могілках вёскі Ганчары Лідскага раёна побач з магілай жонкі. Пахаванне праходзіла з вайсковымі ўшанаваннямі. Калі апускалі труну ў магілу, прагучаў салют з трох залпаў.

Сярод вянкоў была карзінка з надпісам “… ад БЗВ”.

Беларускае Радыё Рацыя