Валер Кавалеўскі: Практыкі ўкраінскіх уладаў выглядаюць часам дыскрымінацыйна



З прадстаўніком офіса Святланы Ціханоўскай Валерам Кавалеўскім наш карэспандэнт размаўляе пра праблемы беларусаў ва Украіне.

РР: Чарговую актывістку зараз дэпартуюць з Украіны, якая дапамагала ў Бучы. І нават цяжка чытаць у сацсетках, што Бучанская адміністрацыя дзякавала дзяўчыне за тое, што яна дапамагала валанцёрыць, а тут афіцыйныя ўкраінскія ўлады дэпартуюць. І па законе павінны дэпартаваць у Беларусь.

Валер Кавалеўскі: Так, сапраўды сітуацыя вельмі прыкрая. Карына зрабіла вельмі шмат у той час, калі шматлікія ўкраінцы не маглі гэта зрабіць, ці не хацелі, ці ратаваліся ад вайны ў іншых краінах. Яна заставалася і рабіла вельмі рызыкоўную працу. Я меў з ёй вельмі доўгую размову, яна падрабязна расказвала пра свае намаганні і пра тую ацэнку, якую яна атрымлівала ад саміх украінцаў. Вельмі ўдзячныя ўкраінцы, і ўлады, і звычайныя людзі, за тое, што яна для іх робіць.

Мы бачым, што вось гэтыя практыкі ўкраінскіх уладаў выглядаюць часам дыскрымінацыйна нават. Гэта можа быць і нейкая мэтанакіраваная палітыка, але мы не бачым для гэтага падставаў. Мы не бачым нейкіх афіцыйных заяваў пра тое, што прынятая нейкая палітыка, датычная беларусаў. Таму я б, канешне, устрымаўся ад таго, каб рабіць такія заявы, што нібыта гэта з’яўляецца мэтанакіраванай палітыкай украінскай дзяржавы. Хутчэй за ўсё мы маем справу з нейкім эксцэсам выканаўцы, бо па-ранейшаму захоўваюцца нейкія негатыўныя эмоцыі ва ўкраінцаў. Яны думаюць, што такім чынам яны абараняюць нацыянальныя інтарэсы Украіны і прымаюць такія крокі.

Што мы можам рабіць, што мы зараз робім? Мы звязваемся з уплывовымі палітыкамі ў дзяржаўнай міграцыйнай службе, з упаўнаважаным па правах чалавека, з Міністэрствам унутраных спраў, з МЗС Украіны і падымаем гэтыя пытанні. Кажам, што гэта недапушчальна і трэба выраўняць гэтую практыку, каб гэтага больш не было. Пачынаючы з Карыны, гэтая дэпартацыя недапушчальная, і яе трэба спыніць.

РР: То-бок вы тут не бачыце палітыкі, хутчэй гэта нейкія бюракратычныя правалокі, бо сапраўды на афіцыйным узроўні нідзе не гучыць вось гэтая інфармацыя. А што рабіць з такімі вось беларусамі, якія застаюцца па-ранейшаму на тэрыторыі Украіны?

Валер Кавалеўскі: Тут палітыка, безумоўна, прысутнічае. Мы разумеем, што былі зробленыя захады, датычныя беларусаў, якія засталіся ва Украіне. І мы бачым таксама, што ўкраінцы-афіцыялы досыць рэзка рэагуюць на любую крытыку і абвінавачванні ў тым, што гэта можа быць праявай дыскрымінацыі. Для іх гэта досыць балючы момант. І асабліва на тым этапе, калі Україна стала кандыдатам на ўступленне ў Еўразвяз.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя