Вікторыя Міхно: Этнаграфічныя рэгіёны Беларусі і Падляшша – генетычна-адзіны рэгіён
У вёсцы Саколе, што каля Міхалова, прайшоў фінальны Фестываль Беларускай Традыцыі SONCAHRAJ, дзе большасць праграмы склалі выканаўцы фальклору з Беларусі. Завяршыў фестывальны дзень сапраўдны купальскі абрад, які зладзіў гурт „GUDA” разам з Аб’яднаннем на карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову „АБ-БА”, з Беластоку.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцяй Рацыі” – кіраўніцай гурту „GUDA” Вікторыяй Міхно пра тое, чым падобныя Беларусь Падляшша, наколькі Беласточчына – беларуская, у чым каштоўнасць аўтэнтыкі гэтых земляў і як адбываецца беларуска-польская супраца па агульнай фальклорнай спадчыне:
– Мы даўно супрацоўнічаем з „АБ-БА” (Аб’яднанне на карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову). Яны вывучаюць беларускую мову, беларускія традыцыі. Мы ў сваю чаргу прыязджаем, праводзім супольныя імпрэзы. Як след яны адбываюцца тады, калі ёсць нейкія нагоды звязаныя з традыцыйным календаром, са святамі традыцыйнага календара, альбо імпрэзы датычныя грамадскай дзейнасці самой арганізацыі. Гэтыя сувязі ў нас сталыя і цяпер, калі мы планавалі нашую імпрэзу, то ўжо разумелі, што мусім прыехаць на яе да тых нашых удзельнікаў, якія з’яўляюцца акторамі. Ролі, якія яны мусілі выканаць у гэтым канцэрце, будуць адыграныя дзецьмі тых бацькоў, якія ў таварыстве „АБ-БА”. Іх падрыхтавалі, выхавалі, як мы цяпер ужо бачым. Вельмі прыгожыя дзяўчаты, маюць свае строі, займаюцца харэаграфіяй. Для іх будзе яшчэ адна такая сцэнічная практыка, вельмі каштоўная я мяркую. Гэта будзе для іх цудоўная прыгода, якую яны будуць згадваць. У нас ёсць строі, якія яны апрануць. Гэта архаічныя беларускія ўборы, зробленыя паводле тых варыянтаў, што былі знойдзены ў археалагічных раскопках 10-12 стагоддзя. Металічныя ўпрыгожванні, якія насілі нашыя продкі – гэта фібулы, вяночкі насілі дзяўчаты на галаве, шыйныя грыўні, скроневыя колцы.
З „Госцяй Рацыі” – кіраўніцай гурту „GUDA” Вікторыяй Міхно камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя