Ці будуць павышацца заробкі?



Эканаміст Леанід Злотнікаў тлумачыць, чаму народ здае валюту, а таксама робіць прагноз адносна павышэння заробкаў.

dol150342-ckcx1

Беларусы ў сакавіку прадалі валюты больш, чым купілі. Пра гэта сведчаць статыстычныя дадзеныя Нацыянальнага банка.

Фізічныя асобы за сакавік прадалі наяўнай і безнаяўнай валюты на $ 745,92 млн (за студзень-сакавік – $ 1 млрд 624,69 млн) у эквіваленце, купілі $ 490,63 млн ($ 1 млрд 343,94 млн). Такім чынам, чысты продаж замежнай валюты за сакавік склаў $ 255,29 млн. У лютым беларусы таксама прадалі валюты, больш чым купілі. Тады чысты продаж склаў $ 55,62 млн.

Леанід Злотнікаў: Такі працэс мы назіралі і пасля дэвальвацыя 2011 году, калі Нацбанк скупіў значна больш валюты, чым прадаў (у першую чаргу – насельніцтву). Але зараз далейшая сітуацыя будзе залежыць ад дынамікі развіцця эканомікі ў цэлым, хоць гэтая дынаміка і не вельмі прыемная. Праўда, калі браць валютны рынак, то яго вызначае нават не насельніцтва, а прадпрыемствы. Попыт на валюту знізіўся не толькі ў людзей, якія сталі больш беднымі, але і ў бізнеса. Зараз валютны рынак збалансіраваны, але не факт, што ён і заўтра будзе такім жа.

РР: Многія адзначаюць зніжэнне пакупальніцкай здольнасці насельніцтва. Ці варта чакаць у бліжэйшы час павышэння заробкаў?

Леанід Злотнікаў: Гэта залежыць ад таго, ці атрымае краіна вялікія знешнія крэдыты. Калі іх не будзе, то рэальныя заробкі могуць яшчэ і знізіцца да канца году на 10-15 адсоткаў.

РР: Але ж 2015 год – год прэзідэнцкіх выбараў, перад якімі народу традыцыйна павышаюць заробкі.

Леанід Злотнікаў: Іх заўсёды можна павысіць простым уключэннем друкаванага станка. На некалькі месяцаў можа павысіцца пакупальніцкая здольнасць, але пасля гэтага пачне развівацца інфляцыя. Калі рэальна ў экканоміцы нічога не паляпшаецца, а надрукуюць пустыя грошы, то ўсё затым абясцэніцца інфляцыйнымі працэсамі. Хоць не выключаю, што перад выбарамі, натуральна, будзе спакуса павысіць людзям заробкі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск