Ва Украіне зліквідуюць тапонімы, звязаныя з савецкім мінулым



Пра гэта паведаміў кіраўнік фракцыі “Блок Пятра Парашэнкі” Юрый Луцэнка. Пасля заканадаўчай забароны камуністычнай сімволікі ва Украіне распачынаецца працэс перайменаванняў.

Распавядае наш кіеўскі карэспандэнт Марцін Война:

– Усе вуліцы, плошчы, прадпрыемствы, а таксама гарады, вёскі і пасёлкі, названыя ў гонар Маркса, Леніна, Клары Цэткін, Розы Люксембург ды іншых дзеячоў камуністычнага і савецкага мінулага, атрымаюць новыя імёны. Частцы аб’ектаў вернуць гістарычныя назвы. Частка будзе названая ў гонар герояў найноўшай гісторыі Украіны.

Гэты працэс ужо стыхійна распачаўся ў краіне колькі гадоў таму. Напрыклад, у гарадах Заходняй Украіны практычна не знайсці вуліц імя Калініна, Фрунзе, Урыцкага ды ім падобных. Яны пераназваныя ў вуліцы імя гетмана Мазепы, герояў УПА, Сцяпана Бандэры. З нядаўніх часоў ва украінскіх гарадах з’явіліся вуліцы імя герояў Нябеснай сотні і Надзеі Саўчанкі. У некаторых вёсках і гарадах вуліцы называюць у гонар землякоў, якія загінулі ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі.

Украінцы спадзяюцца, што іхны прыклад рана ці позна натхніць і беларускіх суседзяў.

Беларускае Радыё Рацыя, Кіеў

Фота dreamland.kiev.ua