Беларускія пенсіянеры бяднеюць на фоне рэкорднай інфляцыі



Сярэдняя пенсія непрацуючага на заслужаным адпачынку беларуса ў ліпені склала 583,1 рубля. Пра гэта паведамляе Мінпрацы. Гэтая сума не мяняецца трэці месяц запар. Пры гэтым рэальныя пенсіі, калі браць папраўку на інфляцыю, зніжаюцца шосты месяц запар.

Ва ўрадзе напярэдадні назвалі асноўную ўмову, пры якой у Беларусі могуць павысіць пенсіі. Як заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, павелічэнне гэтых выплат залежыць ад росту заробкаў, а таксама ў цэлым сітуацыі ў эканоміцы. Нагадаем, у Беларусі падае ВУП, а эканоміцы прагназуюць няпростыя часы.

У гэтым годзе працоўныя пенсіі павышалі ў сакавіку. Аднак гэты рост „з’ела” высокая інфляцыя. У сакавіку кошты на тавары і платныя паслугі выраслі на 6% да папярэдняга месяца, а ў чэрвені – на 1,1%.

Беларускае Радыё Рацыя