Пра Вітаўта і Ягайлу, якія камусьці перашкодзілі



З Нацыянальнага гістарычнага музея прыбралі фігуры Вітаўта і Ягайлы. Яны прастаялі там з 2011 года. І раптам сталі фігурамі нон-грата. Найвядомейшы кіраўнік ВКЛ Вітаўт і вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ягайла перамаглі ў 1410 годзе крыжакоў з Тэўтонскага ордэну. Гэта знакавыя постаці для Беларусі і беларусаў. Аднак хтосьці, пагаворваюць, напісаў скаргу, што гэта польскія акупанты. Пасля гэтай пісулькі фігуры Вітаўта і Ягайлы прыбралі. Хаця чаго чакаць ад уладаў пасля таго, як закрылі ўсе беларускія выданні, праз назву закрылі бар “Каліноўскі”, рэгулярна затрымліваюць самых розных беларускіх дзеячаў культуры. Улады Сінявокай, відаць, вырашылі не толькі з жывымі змагацца, але і з памерлымі. Наступным крокам, відаць, вырашаць плямёны балтаў забараніць.

У Нацыянальным гістарычным музеі прыбралі Вітаўта і Ягайлу, якія перамаглі ў Грунвальдскай бітве. Цікава, няўжо іх прыбралі ажно 15 ліпеня, калі была чарговая гадавіна гэтай самай Грунвальдскай бітвы. Гэтага мы ў бліжэйшы час не даведаемся. А вось што ў бліжэйшы час даведаемся, дык гэта тое, ці спраўдзяцца чуткі наконт таго, што экспазіцыю пра шляхту могуць замяніць на Расійскую імперыю. Хаця, улічваючы, што цяпер адбываецца ў Сінявокай, цалкам магчыма, што чуткі насамрэч з’яўляюцца праўдай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ