Агляд прэсы: следства авантурызму



Новыя гібрыдныя пагрозы з боку Лукашэнкі: як рэагаваць Захаду? Ва Украіне адбываюцца змены на вышэйшым узроўні. Пуцін па слядох Байдэна накіраваўся на Усход. Ці вырашыць эканомія энергіі кліматычны крызіс? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Лукашэнка ўцягнуў Беларусь у вайну на розных узроўнях. Пад выглядам  сумесных расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў ён прапусціў шматтысячнае расейскае войска праз украінскую мяжу, якое распачало наступ з тэрыторыі Беларусі. Сітуацыя змянілася ў красавіку, калі Крэмль быў вымушаны вывесці вайскоўцаў з Кіеўскага, Чарнігаўскага і Сумскага накірункаў і разгарнуць іх ва ўсходняй частцы Украіны», – аналізуе сітуацыю еўрапейскае выданне Globsec.org.

Маючы ўласныя абмежаваныя вайсковыя рэсурсы, Лукашэнка няздольны пачаць і падтрымліваць любы наступ на ўкраінскай зямлі. Цяпер пры ўсіх перадумовах ваенна-мабілізацыйнага вучэння Беларусь сабрала толькі да 7 батальёнаў сваіх узброеных сіл. Мы павінны ўлічваць павелічэнне колькасці расейскіх ваенна-паветраных сіл, размешчаных у Беларусі, а таксама  абяцанні Пуціна  паставіць  у Беларусь ракеты «Іскандэр-М», здольныя несці ядзерную зброю, у бліжэйшыя месяцы. Больш увагі беларускай справе можа быць нададзена падчас чэшскага старшынства ў Радзе ЕЗ у другой палове 2022 года. Паколькі афіцыйны дыялог з Беларуссю замарожаны, Брусэль павінен больш глыбока заняцца сектарам грамадзянскай супольнасці ў Беларусі: вельмі важна вылучыць большую падтрымку беларускім НДА, палітыкам і актывістам, якія ўцяклі ад дыктатуры Лукашэнкі.

Асобнай увагі заслугоўваюць нядаўнія выпадкі пагрозы смяротным пакараннем  беларускім грамадзянам, якіх улады абвінавацілі ў знішчэнні чыгуначнай інфраструктуры з мэтай разрыву матэрыяльна-тэхнічных ланцугоў расейскіх войскаў. Еўрапейская супольнасць павінна знайсці спосабы выратаваць жыцці гэтых беларусаў, якія супрацьстаялі расейскай агрэсіі і яе партнёру ў злачынстве – Беларусі», – заклікае еўрапейскае выданне.

Прэзідэнт Украіны адхіліў ад пасады начальніка сакрэтнай службы свайго сябра дзяцінства Івана Баканава, а таксама генеральнага пракурора Ірыну Венедыктаву. Перадумовай гэтаму паслужылі шматлікія падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе з боку супрацоўнікаў судовага апарата і органаў бяспекі Украіны. Еўрапейская прэса спрабуе зазірнуць за кулісы падзей.

Партугальская газета Correio da Manhã задаецца пытаннем, што хаваецца за звальненнем Ірыны Венедыктавай.

«Гэта найбуйнейшая чыстка ў шэрагах высокапастаўленых чыноўнікаў з самага пачатку вайны. Прычыны звальнення Баканава зразумелыя, а вось Венедыктавай – не. Генеральны пракурор адказвала за расследаванне зверскіх злачынстваў супраць цывільнага насельніцтва ў Бучы і Ірпені. Нагадаем, што ўкраінская версія падзей, якія здарыліся ў гэтых месцах, не заўсёды гучала пераканаўча для міжнародных журналістаў, акрэдытаваных у Кіеве. Абмежаванні, накладзеныя на прэсу, пакуль Зяленскі падрыхтоўваў глебу, паказваюць на непрымальныя ўмовы для збору паказанняў сведак аб падзеях, якія адбываліся ў гэтых населеных пунктах. Звальненне Венедыктавай не рассейвае гэтых сумневаў», – адзначае партугальскае выданне.

Расейскі прэзідэнт паляцеў у Тэгеран, дзе пройдзе ўжо пятая сустрэча з Вялікім аяталам Алі Хаменеі, а таксама Пуцін праме ўдзел у трохбаковым саміце са сваім іранскім калегам Ібрахімам Раісі і прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Тайіпам Эрдаганам. «Гэты візіт расейскага прэзідэнта не мог быць больш сімвалічным», – адзначае італьянская газета La Repubblica.

«Выбраўшы ў якасці пункта прызначэння Ісламскую Рэспубліку Іран, заклятага ворага ЗША, і адрадзіўшы так званы «астанінскі фармат», у якім туркі, рускія і іранцы, у 2015 годзе ў сталіцы Казахстана, падзялілі паміж сабой Сірыю, Пуцін пасылае выразны сігнал Захаду і, у прыватнасці, Вашынгтону. Ён жадае прадэманстраваць, што Расея, нягледзячы на санкцыі, неізаляваная, а наадварот, умацавала свае саюзы з Усходам, з Кітаем, Індыяй і нават Іранам. У той жа самы час ён шукае новых эканамічных партнёраў пасля таго, як пазаўчора ўпершыню прызнаў, што санкцыі выклікалі «каласальныя цяжкасці» ў сектары высокіх тэхналогій», – папярэджвае італьянскае выданне.

Анамальная спякота з яе рэкорднымі тэмпературамі зусім не палягчае жыццё еўрапейцаў: з-за лясных пажараў і засухі на палях на пярэдні план выходзяць даўно набалелыя пытанні аб тым, як больш эфектыўна змагацца са зменамі клімату. Аглядальнікі абмяркоўваюць, якія неабходныя палітычныя меры ў цэлым, так і тое, якім чынам кожны з нас мог бы змяніць свае паводзіны і адносіны да прыроды.

«Высокія кошты на энерганосьбіты – гэта таксама і новы шанец», –  піша нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.

«Рост коштаў на газ – важная перавага ў пытанні энергазабеспячэння: павышэнне коштаў стварае стымул для больш эканомнага выкарыстання гэтага дэфіцытнага рэсурсу там, дзе гэта магчыма. У некаторых выпадках пачынаюць сябе апраўдваць інвестыцыі ў дарагія альтэрнатывы, якіх перш цураліся перш за ўсё з меркаванняў затратнасці. Пры аптымістычным сцэнары Германія пераадолее гэты крызіс і стане краінай з меншай залежнасцю ад асобных дзяржаў, з мноствам разнастайных пастаўшчыкоў энергіі і большай аддачай ад аднаўляльных крыніц энергіі», – піша нямецкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя