Арыштаванай у Расеі беларусцы Яне Пінчук не аказваюць медычнай дапамогі



Арыштаванай у Расеі беларусцы Яне Пінчук не аказваюць медычнай дапамогі. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале ў яе падтрымку, які вядзе муж арыштанткі Мікіта Сафронаў.

Да інфармацыі ў тэлеграм-канале Сафронаў дадаў у інтэрвію «Мэдыязоне», што даведаўся пра стан жонкі з ліста. Ён расказаў, што Пінчук хварэе «ўжо амаль месяц» і не атрымлівае ніякай медычнай дапамогі. Нягледзячы на тэмпэратуру 39 градусаў, ёй не давалі лекаў.

«Мы пісалі скаргу ў пракуратуру пра гэта, але зноў жа безпаспяхова. На гэты момант тэмпэратуры няма, але застаўся моцны кашаль, а, улічваючы хранічную астму Яны, гэта можа прывесці да цяжкіх наступстваў. А цяпер стала вядома, што на працягу 4 дзён у Яны балела рука, а сёння раніцай яна перастала яе адчуваць і не можа ёю паварушыць. Замест абавязковай мэддапамогі, Яна зафіксавала руку кардонкай і бінтам», — цытуюць Мікіту Сафронава ў канале.

24-гадовая Яна Пінчук знаходзіцца ў СІЗА Пецярбургу з лістапада 2021 года. Яе затрымалі ў пецярбурскай кватэры і праз дзень арыштавалі. У Беларусі ёй завочна выставілі абвінавачанне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ. На радзіме ёй пагражае да 19 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у стварэнні апазыцыйных тэлеграм-каналаў «Віцебск 97%», «Ворша 97%» і «Наваполацк і Полацк 97%».

Расейская пракуратура пагадзілася яе выдаць паводле трох з іх: аб распальванні сацыяльнай варожасці, закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі і стварэнні экстрэмісцкага фармавання.

Камітэт правоў чалавека ААН прапанаваў Расеі ўстрымацца ад дэпартацыі ў Беларусь Яны Пінчук і забяспечыць абарону яе жыцця і недатыкальнасці да разгляду камітэтам яе скаргі.