Палітвязня хірурга Андрэя Любецкага перавялі ў Бабруйскую калонію
Хірурга і палітвязня Андрэя Любецкага перавялі ў Бабруйскую калонію, паведамляюць праваабаронцы са спасылкай на родных доктара. Яго этапавалі яшчэ 15 ліпеня. Пра гэта стала вядома з ліста Любецкага сястры.
„За доўгі час магу цяпер бачыць неба ў клетачку! Усім прывітанне!” — напісаў ён.
Андрэя Любецкага яшчэ ў сярэдзіне красавіка асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Доктара абвінавачвалі па чатырох артыкулах КК: „Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (ст. 342); „Распальванне сацыяльнай варожасці” (арт. 130); „Абраза прадстаўніка ўлады” (арт. 369 ) і „Абраза прэзідэнта” ( арт. 368).
Андрэй Любецкі лічыўся адным з найлепшых сківічна-тваравых хірургаў Беларусі, 8 гадоў адпрацаваў у 4-й дзіцячай бальніцы Мінска. У 2020 годзе валанцёрыў пад Акрэсціна. Яго жонка стаматолаг Наталля Любецкая з чатырма дзецьмі вымушаная была з’ехаць за мяжу.
Наша Ніва