Лукашэнка ўзаконіў завочныя суды па крымінальных справах



Лукашэнка падпісаў закон «Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь», які робіць магчымым завочны пераслед ягоных палітычных апанентаў. 

Падпісаным законам уводзіцца інстытут спецыяльнай (завочнай) вытворчасці па крымінальных справах у дачыненні да абвінавачаных, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі і «ўхіляюцца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс».

Таксама законам вызначаецца пералік складу злачынстваў, па якіх у дачыненні да абвінавачанага можа быць распачатая такая спецыяльная судовая вытворчасць.Да іх адносяцца — «акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый».

Вядома, што ў цяперашніх беларускіх умовах любое з гэтых абвінавачанняў можна закідаць чалавеку зусім адвольна, што шырока і практыкуецца.

Таксама «з улікам правапрымяняльнай практыкі ўдасканальваецца парадак абскарджання судовых рашэнняў у крымінальным працэсе». Уводзяцца новыя стадыі касацый і нават даецца магчымасць абскарджання ў апеляцыйным парадку прысудаў, якія выносяцца Вярхоўным Судом, калі ён дзейнічае ў якасці суда першай інстанцыі.

Але ў беларускіх умовах гэтыя змены ніякага практычнага значэння не маюць, паколькі касацыйныя органы ў лукашэнкаўскай Беларусі ніколі не задавольваюць апеляцый па палітычных справах і заўсёды пакідаюць прысуды без зменаў. 

nashaniva.com