Суд над Рыгорам Кастусёвым па «справе аб змове» будзе закрытым
Суд над лідарам партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым пройдзе ў закрытым рэжыме, пішуць праваабаронцы «Вясны» са спасылкай на сваякоў.
Рыгора Кастусёва абвінавачваюць па ч.1 арт.357 КК – змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Чакалася, што суд пачнецца ўжо зімой 2022 года. Але справу «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» пачнуць разглядаць толькі 29 ліпеня ў Менскім абласным судзе. Кастусёў правёў за кратамі больш за год. За гэты час у яго выявілі анкалагічнае захворванне. Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Менску, у гэты ж дзень у Маскве былі затрыманыя бізнесовец Юрый Зянковіч і літаратуразнаўца Аляксандр Федута. Аляксандр Лукашэнка тады заявіў аб «раскрыцці дзяржаўнага перавароту» і рыхтаванага замаху на яго і яго дзяцей.
З фільмаў, паказаных на дзяржаўным тэлебачанні РБ, вынікае, што за «змоўшчыкамі» працяглы час сачылі спецслужбы. У раскладзе судовых паседжанняў гэтай справы дагэтуль няма.