У судзе Бярозаўскага раёна інваліда судзяць за каментары
У судзе Бярозаўскага раёна пачаўся працэс над інвалідам з Белаазёрску 40-гадовым Віктарам Хлябцом за „абразу сілавых структур”. Вядзе працэс старшыня суда Наталля Вакульчык.
Дзяржаўны абвінаваўца пракурор Аляксандр Круцько.
Віктара Хлябца абвінавачваюць па артыкуле 369 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь (абраза службовай асобы пры выкананні службовых абавязкаў). Па версіі следства, Хлябец пад нікам «Гога» пакінуў абразлівы каментар пасля забойства праграміста Андрэя Зэльцэра і гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка ў закрытым Тэлеграм-чаце.
Віктар Хлябец сваю віну не прызнаў, ды віны і няма, кажа ў судовым працэсе адвакат Павел Алесік:
– Не ўстаноўлена, што Хлебец напісаў у каментары, не ўстаноўлена, што яны адносяцца да нейкай канкрэтнай асобы, не ўстаноўлена, што яны маюць ненарматыўную форму выказвання. У такіх абставінах я мяркую, што не ўстаноўлена віна Хлебца ў здзяйсненні якога-небудзь злачынства. Законным у гэтай сітуацыі можа быць толькі прызнанне Хлебца невінаватым, і вынясенне яму апраўдальнага прысуду.
Мужчына хварэе на цукровы дыябет, інсуліназалежны.
Але яго затрымалі 26 лютага і змясцілі ў ІЧУ Бярозаўскага РАУС. 1 сакавіка Хлябец быў пераведзены ў СІЗА №6 Баранавіч, дзе знаходзіцца да гэтага часу.
Наталля Вакульчык, прыняла рашэнне аб узнаўленні судовага следства і запрашэнні ў суд для допыту эксперта. Суд працягнецца 28 ліпеня ў 11 гадзін.
Беларускае Радыё Рацыя