У Беларусі адзначаць Міжнародны дзень вызвалення вязняў нацысцкіх канцлагераў
Ён быў уведзены паводле рашэння ААН у памяць пра міжнароднае паўстанне вязняў канцэнтрацыйнага лагера “Бухенвальд”.
На тэрыторыі Беларусі ў 1944 годзе налічвалася больш за 260 канцлагераў. Самыя вялікія знаходзіліся ў Менску, Гомелі, Бабруйску і Полацку. У іх было знішчана звыш паўтара мільёна чалавек. Жыццё ў лагеры ўзгадваюць былыя вязні з Шаркоўшчыны:
– Былі мы ў лагеры ў Лепелі. Цяжка было, увесь час хацелася есці. А ўжо 1944 годзе немцы нас пагналі пешшу на захад. Асабліва страшна было на пераправе праз Бярэзіну. На мост самалёты наляцелі – крыкі, гвалты, параненыя, забітыя. Не ведаю, як мы выйшлі жывымі з таго пекла.
– Нічога там не было, толькі лаўкі. Не распраналіся ніколі. Спалі апранутымі. А калі ўрачы былі, то нас распранулі. Нават памылі. І цукру далі па кавалачку, як кроў узялі. Столькі радасці было, што цукар атрымалі.
– Мы толькі вошай кармілі, а нас не кармілі. А калі дзіця выскачыць з лагеру, то немцы білі і забівалі.
Падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Нямеччыны і акупаваных ёй краінах было больш за 14 тысяч канцэнтрацыйных лагераў. Праз іх прайшло звыш 20 мільёнаў чалавек
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя