Паўтары гады зняволення за абразу Лукашэнкі



Суд Светлагорскага раёна вынес прысуд жыхарцы вёскі Стракавічы Наталлі Леановіч, абвінаваціўшы яе ў абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК). Справу разглядала суддзя Галіна Гулевіч.

Судовае пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме ў памяшканні былога прафесійнага ліцэя хімікаў, дзе часова размяшчаецца раённы суд. Пра Леановіч вядома, што яна пайшла падаваць заяву ў міліцыю на крадзеж, які сапраўды меў месца, а нападпітку выказала ў аддзеле ўсё, што думае пра Лукашэнку. Супрацоўнікі міліцыі завялі на яе крымінальную справу.

У выніку, суд прысудзіў ёй пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год і 6 месяцаў ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама суд пастанавіў накіраваць яе на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.